Лагер запомніцца надоўга

Актуальное

SAM_1672 (Small)Змена ў нашым школьным лагеры «Сонейка» закончылася, і нам вельмі шкада. Тры тыдні праляцелі бы адно імгненне.Тут мы радаваліся, гулялі, спаборнічалі, засмучаліся, калі прайгравалі, і зноў радаваліся… Кожную раніцу ў лагер мы прыходзілі з цудоўным настроем, а пасля зарадкі яно яшчэ больш паляпшалася, бо кожны дзень чакалі чаго-небудзь новенькага ад нашых выхавацеляў.
Шматлікія сябры, якія прыехалі ў госці на канікулы да сваіх бабуль і дзядуляў, здзіўляліся: навошта вы ходзіце ў школу летам, вас ніхто не прымушае? А нас прыцягвалі спартыўныя і пазнавальныя гульні, паходы, сустрэчы з сябрамі і аднакласнікамі, а яшчэ нас вельмі смачна кармілі па некалькі разоў у дзень.
Нам вельмі падабалася збірацца сваімі атрадамі, рэпеціраваць танцы, песні, самастойна рыхтавацца да розных мерапрыемстваў. Як казалі выхавацелі, падводзячы вынікі, мы вучыліся працаваць у камандзе, слухаць адзін аднаго, экспромтам рашаць складаныя задачы. Многія з дзяцей адкрыліся па-новаму, паказалі свае лепшыя якасці: спрыт, дабрыню, узаемавыручку.
На працягу змены спаборнічалі два атрады: «Моцны арэшак» і «Кеды». Кожны дзень мы лічылі колькасць заробленых ачкоў. Часцей за ўсё перамагаў атрад «Кеды», але і мы, «Моцны арэшак», не здаваліся. Таму і вынік пасля апошняга конкурсу — баявая нічыя, чым мы вельмі задаволены. А самымі запамінальнымі мерапрыемствамі былі «Прысвячэнне ў лагераты», пазнавальныя гульні «Радасць лета падарала», «Два караблі», «Сцяжынкай індзейцаў», «Міс Бабкі-Ёжкі», спартыўная гульня «Вясёлы футбол», малыя алімпійскія гульні, камічныя эстафеты.
Прыемна, што на лінейцы падчас закрыцця лагернай змены кожны з нас быў адзначаны ў розных намінацыях. Дзякуй настаўнікам за цудоўныя лагерныя дні, а поварам за смачныя і сытныя абеды. Жадаем усім ім прыемна правесці водпуск.
З нецярпеннем будзем чакаць новую лагерную змену. А ўсім школьнікам жадаем вясёлых канікулаў!

Андрэй Пяткун і Вячаслаў Бейнаровіч,
вучні Замошскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *