Карысная справа апантаных аматараў

Актуальное

IMG_4430 (Small)На кірмашы народных рамёстваў пачула выступленне двух самадзейных браслаўскіх гуртоў, якія выконвалі песні ў стылі рок-н-рола. Кажучы маладзёжным слэнгам, іх выступленне зачапіла, таму дамовілася пра сустрэчыу. Не адкладваючы ў доўгую скрыню, неяк вечарам накіравалася ў будынак, дзе хлопцы з групы «The labbuhi» займаюцца музыкай.
У невялікім пакоі, абабітым гуканепраніцальным матэрыялам, застаўленым музычнай апаратурай, з раскіданымі па ўсёй падлозе шнурамі, рэпетыцыя была ў самым разгары. З цікавасцю назірала, як музыканты абмяркоўвалі моц гучання песні, яе танальнасць.
І першае, пра што захацелася спытаць, як узнікла ідэя стварэння калектыву, і пазнаёміцца з яго ўзельнікамі.
— Усе мы равеснікі, у большасці аднакласнікі, — знаёміць мяне з гісторыяй стварэння групы Аляксандр Янушкевіч.— Яшчэ ў школе мы ігралі ў ансамблі і цікавіліся рок-музыкай. Потым нашы шляхі разышліся — трэба было ўладкоўвацца ў жыцці, — але іграць для сябе мы не перасталі. І вось надышоў час, калі з’явілася жаданне, а галоўнае, магчымасць, сабрацца разам і проста іграць. Для ўсіх удзельнікаў калектыву — гэта хобі. З прафесійных музыкантаў у нас толькі клавішнік Міхаіл, ды Вячаслаў Скавырка у свой час вучыўся ў музычнай школе. Астатнія — Сяргей Садоўскі, Руслан Лабуць, Мікалай Сцяпанаў і я самадзейныя музыкі.
— За захапленне трэба плаціць. Як вырашаецце гэтую праблему?
— Паколькі гэты будынак я ўзяў у арэнду, — тлумачыць С.Садоўскі, — за памяшканне плаціць не трэба. Хіба толькі мне. (Смяецца). Гукаўзмацняльную апаратуру сваімі рукамі «з таго што было» сабраў Саша, інструмент у кожнага асабісты. А на агульныя патрэбы збіраем узносы.
— А як падбіраецце музычны матэрыял для выканання?
— Мы праходзім шлях развіцця кожнай пачынаючай рок-групы, — расказвае Вячаслаў. — Гэта значыць, выбіраем цікавую для ўсіх песню расійскіх выканаўцаў рок-музыкі, падганяем яе пад сябе, уласнае бачанне і свае магчымасці.У потым выконваем кавер-версію.
— А як ставяцца да вашага захаплення жонкі? — пытаюся ў сямейных аматараў рок-музыкі.
— Па-рознаму, — смяецца Вячаслаў. Канечне, калі нашы рэпетыцыі зацягваюцца далёка апоўначы, ніхто па галоўцы не гладзіць. Але ж мы стараемся не выпрабоўваць цярпенне нашых палавінак.
— Хацелася б пачуць падрабязнасці пра рок-фестываль «Жывое неба Браслава», які плануецца на 20 ліпеня.
— Ідэя фестывалю ў Сашы, Руслана і мяне зарадзілася даўно,— дзеліцца планамі яго арганізатар С.Садоўскі. На жаль, у нас недастаткова ўдзяляецца ўвагі сур’ёзнаму руху ў напрамку рок-музыкі, а невялікая колькасць існуючых груп не заяўляюць пра сябе. Вось мы і вырашылі прывабіць гэтыя калектывы для папулярызацыі менавіта жывой рок-музыкі. Для рэалізацыі праекта знайшлі спонсараў, нямала затрацілі сваіх сродкаў, гатовім атрыбутыку, дыпломы ўдзельнікаў. Што вельмі важна і прыемна, знайшлі разуменне і падтрымку ў старшыні райвыканкама С. Шматава. Таму прыкладаем усе намаганні, каб фестываль прайшоў на дастаткова высокім ўзроўні і атрымаў далейшае жыццё.
На канцэрце плануецца выступленне, акрамя нашай, рок-і кавер-груп з Наваполацка, Пастаў і прафесійнага калектыву з Мінска.
І калі фестываль выклікае інтарэс у жыхароў нашага горада, ён зможа стаць традыцыйным. Таму ўсіх запрашаем паслухаць жывую музыку рок-н-рола.
На развітанне ад усёй душы пажадала маладому калектыву ўдачы.
А ідучы дадому, падумала, як добра, што ёсць такія апантаныя людзі, якія, не шкадуюць сваіх сродкаў і часу, каб унесці святло і радасць не тоькі ў сваё жыццё, а зрабіць яго цікавым для іншых. Ды і які паказальны прыклад для той часткі моладзі, якая ные, што ў Браславе няма чым займацца. Ёсць. Толькі не трэба чакаць чужога дзядзьку, які прыйдзе і будзе цябе весяліць.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *