І няхай нашчадкі ведаюць

Актуальное

IMG_5403Узгадваючы пра вайну, усплываюць у свядомасці бамбёжкі, параненыя, разруха, спаленыя гарады і вёскі. Мукі, праз якія прайшлі нашы дзяды, сённяшняму пакаленню нават цяжка ўявіць: голад, жабрацтва, катаргі…
Многія людзі ўставалі на абарону Айчыны, змагаліся з ворагам на фронце, уступалі ў партызанскія атрады, былі падпольшчыкамі, сувязнымі. Былі і тыя, хто без віны стаў ахвярай нямецкіх акупантаў, – жанчыны, дзеці. Няшчасных людзей жорстка катавалі, спальвалі жывымі. Такая доля напаткала і жыхароў вёскі Стайкі, дзе налічваліся 43 двары. Упершыню немцы прыйшлі туды восенню 1942 года. Многія жыхары, хто даведаўся пра набліжэнне немцаў, збеглі ў лес, аднак карнікі хітрасцю заманілі іх назад, паабяцаўшы, што нікога чапаць не будуць. Тых, хто прыйшоў, разам з некаторымі жыхарамі суседніх вёсак сагналі ў хлявы і падпалілі. У агні загінулі 120 чалавек. У жывых засталіся тыя, хто не паверыў немцам і не вярнуўся ў вёску.
Калі немцы пакінулі Стайкі, у яе вярнуліся 22 чалавекі. Сабралі попел, абгарэлыя косткі спаленых і пахавалі іх. Усе гэтыя 120 жыхароў ляжаць у брацкай магіле.
Сёння ў Стайках не ўзрываюцца снарады, не чуваць стогнаў параненых, не гараць дамы. Тут спакойна, чутны толькі спеў птушак ды шум лясоў, якія парушаюць гэту халодную цішыню.
Пасля вайны ў вёсцы жылі людзі, займаліся гаспадаркай, нараджалі дзяцей. Тут была школа. Мясцовыя жыхары хацелі даць вёсцы другое жыццё. Аднак маладое пакаленне падрастала і пакідала родныя мясціны. Ужо напачатку 80-ых гадоў тут нікога не засталося. Апошняя жыхарка Юлія Бандарык, якую ўсе звалі баба Юля, а дзеці яе вельмі любілі за цікавыя казкі і салёны дамашні сыр, пахавана на мясцовых могілках.
Але кожны год Стайкі, хоць зусім ненадоўга, нібы ажываюць. Сюды прыязджаюць дзеці, унукі, праўнукі, родныя і знаёмыя тых, хто загінуў у гады вайны і хто пахаваны на мясцовых могілках. Разам з імі прыязджае памаліцца і асвяціць магілкі айцец Анатоль. Усе разам потым ідуць да курганоў памяці. Акрамя брацкай магілы, тут устаноўлены мемарыяльны абеліск са спісам мірных жыхароў вёсак Стайкі, Лубянка, Быкаўшчына і Шалаш. Гэты спіс складзены па памяці Віктара Цітовіча. Ён жыў разам з бацькамі, трыма братамі і дзвюма сёстрамі ў Стайках. Сёлета ветэрану Вялікай Айчыннай вайны споўнілася 87 гадоў, але ён па-ранейшаму ў страі і прыехаў разам з іншымі, каб памянуць загінуўшых і памерлых аднавяскоўцаў.
Айцец Анатоль, стоячы каля кургана, сказаў: “Калі вы прыязджаеце сюды, сярод вас няма падзелу на сваіх і чужых. Вы ўсе тут сваякі”. Сёлета ў Стайках ушанаваць памяць тых, хто пакоіцца на мясцовых могілках і ў брацкай магіле, прыехалі больш за 20 чалавек. Значыць, сувязь пакаленняў не парываецца. Калі сёння не шанаваць памяць продкаў, то заўтра зрабіць гэта будзе позна.
Вялікі дзякуй айцу Анатолю, усім тым, хто прыязджае ў Стайкі з розных куточкаў краіны, каб зрабіць добрую справу.
Вольга Мачуль,
бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі,
унучка Віктара Цітовіча.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *