IMG_4715 (Small)

Гран-пры ў нашай Алёны

Актуальное

IMG_4715 (Small)Міжнародны конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Бэла Мелодыя-2013”, які праходзіў у рамках фестывалю “Viva Braslau”, вечарам 6 ліпеня сабраў на гарадскім стадыёне шмат браслаўчан і гасцей горада. Сюды прыйшлі людзі розных узростаў, каб паслухаць добрыя песні. І, думаю, не расчараваліся, бо выступленне кожнага з дзесяці ўдзельнікаў конкурсу было па-свойму арыгінальным і вызначалася высокім узроўнем выканаўчага майстэрства. Свой талент перад гледачамі дэманстравалі салісты з Полацка, Міёр, Расон, Верхнядзвінска, Даўгаўпілса. Тры ўдзельнікі – Марына Карач, Улад Мацеша, Алёна Карпацій – абаранялі гонар Браслаўшчыны.
Вядучы Яўген Набееў коратка расказаў пра захапленні кожнага з канкурсантаў, задаў ім па некалькі арыгінальных пытанняў.
А кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі консул Латвіі ў Віцебску Дагнія Латэ-Ацэ, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і яго намеснік Іна Лысенка, намеснік дырэктара Палаца культуры “Полацкшкловалакно” Юлія , уважліва слухалі песні і ацэньвалі выступленні маладых выканаўцаў.
Гледачы ж не шкадавалі сваіх далоней і ад душы дзячылі канкурсантам бурнымі апладысментамі.
Інтрыга, хто ж стане пераможцам, захоўвалася да таго моманту, пакуль члены журы не падняліся на сцэну і не агучылі гэтыя імёны.
Трэцяе месца дасталося Кацярыне Баравік з Міёр, другое – Вользе Гаршковай з Полацка, першае – Дар’і Ахламёнак з Верхнядзвінска. А Гран-пры атрымала наша зямлячка Алёна Карпацій. Гэту маладую абаяльную і таленавітую дзяўчыну добра ведаюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Алёна неаднойчы станавілася пераможніцай розных конкурсаў і фестываляў. І яе чарговая перамога – упаўне заслужаная. Зусім хутка Алёна адзначыць свой дзень нараджэння. Гран-пры на “Бэла Мелодыі – 2013” стаў для яе адным з самых дарагіх падарункаў.
Высокае прафесіянальнае майстэрства канкурсантаў ацаніла консул Латвіі ў Віцебску Дагнія Латэ-Ацэ. Пры размове яна дадала таксама, што браслаўчане не перастаюць здзіўляць гасцей не толькі непаўторнасцю прыроды краю і дагледжанасцю наваколляў, але і талентамі, высокай арганізацыяй маштабных мерапрыемстваў.
Пасля маладых выканаўцаў эстраднай песні на сцэну выйшла са сваімі песнямі вядомая многім прыхільнікам року група “Лейсвер”. Браслаўчане і госці змаглі не толькі іх слухаць, але і танцаваць. Гэта была своеасаблівая рэпетыцыя і размінка для многіх перад начной дыскатэкай.
З наступленнем цемнаты публіку яшчэ доўга арганізатары фестывалю радавалі фаер-шоу, якое дэманстравалі госці з Латвіі Адбылося таксама святлодыёднае шоу, начное неба размаляваў феерверк. Шмат станоўчых эмоцый, драйву можна было атрымаць і ў час начной дыскатэкі, якая доўжылася да чатырох гадзін раніцы і сабрала вельмі шмат маладых людзей.
Здаецца, у гэты другі дзень спартыўна-музычнага фестывалю відовішчаў і эмоцый хапіла ўсім. Значыць, праект Еўрапейскага саюза “Бэла Дзвіна-2”, у рамках якога ён праходзіў, удаўся. А яго ўдзельнікі з прыгранічных рэгіёнаў Віцебшчыны, Латвіі і Літвы сталі яшчэ на адзін крок бліжэй адзін да аднаго, завязалі новыя знаёмствы і кантакты, якія з гадамі будуць толькі мацнець.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.