IMG_4562 (Small)

Энергетык — мадэрнізатар

Актуальное

IMG_4562 (Small)Без такой вельмі запатрабаванай і адказнай прафесіі, як энергетык, не абыходзіцца ні адна галіна вытворчасці. Высокакваліфікаваны спецыяліст, да таго ж ініцыятыўны, на любым прадпрыемстве вельмі запатрабаваны. Асабліва актуальна гэта сёння, калі трэба не толькі бяздумна спажываць цепла- і электраэнергію, а шукаць усе магчымыя шляхі для яе эканоміі. Менавіта ў такім накірунку працуе інжынер-энергетык ЦРБ Пётр Адамовіч.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Пётр, звычайны вясковы хлопец з вёскі Казяны, паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Пяць гадоў насычанага на падзеі студэнцкага жыцця праляцелі ў імгненне вока. І наваспечаны інжынер-электрык вярнуўся ў свой родны калгас «Гвардыя».
— Працаваць было складана і адказна, — успамінае П.Адамовіч, — бо электрычнасць на фермах магла адключыцца ў любую хвіліну дня і ночы.
І мой субяседнік прыгадаў выпадак, калі ноччу ў час моцнай навальніцы на ферме прапала электрычнасць, а ў халадзільніках — малака на 10 тыс. рублёў. У тыя гады за гэтыя грошы можна было купіць новыя «Жыгулі». На шчасце, непаладку ўдалося хутка ліквідаваць, і цяжкая праца даярак не прапала дарэмна.
На маладога адказнага хлопца ўсклалі абавязкі і сакратара камсамольскай арганізацыі, з якімі ён паспяхова спраўляўся. Дзякуючы камсамольскай рабоце, Пётр пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, якая працавала ў Казянах на комплексна-прыёмным пункце. Згулялі вяселле. Маладая сям’я атрымала дом. Шэсць гадоў пражылі Адамовічы ў родным калгасе.
Стараннасць, энергічнасць і добрасумленнасць Пятра Яўгенавіча заўважыла кіраўніцтва раёна і накіравала ў калгас «Наперад» узначаліць партыйную арганізацыю. Потым было старшынёўства ў калгасе «Шлях Леніна». З вялікай удзячнасцю ўспамінае П.Адамовіч сваіх настаўнікаў Уладзіміра Ракеля і Віктара Раловіча. Гэта іх колішнія парады і падказкі дапамагалі спраўляцца з цяжкасцямі на пасадзе старшыні калгаса ў самы разгар перабудовы. Толькі праз 12 гадоў П.Адамовіч вярнуўся да сваёй спецыяльнасці і стаў галоўным энергетыкам на льнозаводзе. А з 2007 года ён займае пасаду інжынера-энергетыка райбальніцы.
Менавіта тут раскрыліся не толькі прафесійныя здольнасці Пятра Яўгенавіча, а і жаданне ўкараняць энергазберагальныя тэхналогіі. З першых дзён працы ён пачаў прапаноўваць адміністрацыі райбальніцы ідэі ў мадэрнізацыі энергазабеспячэння. Паколькі падыходы П.Адамовіча былі сапраўды рацыянальнымі, галоўны ўрач Аляксандр Макарэвіч падтрымаў ініцыятара. І не памыліўся.
Перш-наперш вопытны энергетык замест аднаго электралічыльніка паставіў аж 23 ў будынках бальніцы, потым чарга дайшла да цеплалічыльнікаў і цепларэгулятараў. Пэўная рызыка была, бо гэтае абсталяванне каштуе дорага. Але адразу пасля яго ўстаноўкі можна было заўважыць розніцу ў спажыванні энергіі і аператыўна прымаць упраўленчыя рашэнні. Таму затраты ў хуткім часе акупіліся.
Наступным крокам была замена звычайных свяцільнікаў на энергазберагальныя, і на сёння іх устаноўлена 2082 адзінкі. За сродкі платны ад паслуг райбальніца набыла халадзільны агрэгат, за райбюджэтныя — сучасную пральную машыну. Гэта хоць і не такі вялікі, але таксама ўклад у скарбонку эканоміі.
Такім чынам, у выніку мадэрнізацыі энергазабеспячэння райбальніцы эканомія за першы 2008 год склала 1181 т у.п., а за 2012г. — 939 т у.п.
У час размовы высветлілася, наколькі грунтоўна і сур’ёзна падыходзіць Пётр Яўгенавіч да сваёй работы, з якой лёгкасцю ён аперыруе лічбамі, даказваючы выгоду сваіх задум.
Таму не дзіва, што сёлета за сваю добрасумленную працу і высокі прафесіяналізм Пётр Адамовіч узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.
Шмат шчырых слоў удзячнасці ў адрас Пятра Яўгенавіча чула і ад галоўнага ўрача, і ад супрацоўнікаў, якім заўсёды дапаможа парадай або справай.
І далейшыя яго задумы ў мадэрнізацыі энергазабеспячэння райбальніцы, па словах інжынера-энергетыка, абавязкова ажыццявяцца.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.