IMG_4545 (Small)

Чысціня на кухні — вынік яе працавітых рук

Актуальное

IMG_4545 (Small)Хто сутыкаўся з працай кухонных работнікаў, ведае, наколькі гэта складана і адказна. Вымыць і прадэзынфецыраваць посуд, раскласці яго па ўстаноўленых месцах, навесці чысціню, каб усё адпавядала жорсткім нормам санітарна-гігіенічнага рэжыму. З гэтым вельмі добра спраўляецца маладая санітарка-буфетчыца дзіцячага аддзялення райбальніцы Надзея Павучонак.
Нарадзілася і вырасла Надзея ў Браславе. Тут жа закончыла сярэднюю школу. Так склалася жыццё, што адразу пайшла працаваць санітаркай у бальніцу, дзе працуе і яе маці. Дзевяць гадоў дзяўчына наводзіла чысціню на калідоры ў дзіцячым аддзяленні. Да справы адносілася сур’ёзна, з адказнасцю. Таму кіраўніцтва бальніцы перавяло яе ў буфетчыцы і не памылілася. Вось ужо амаль чатыра гады яна корміць самых патрабавальных пацыентаў.
— Прыгадайце свае першыя працоўныя дні? — прашу суразмоўцу.
— Спачатку было цяжка, — успамінае Надзея, — бо хворыя малыя вельмі патрабавальныя і капрызныя. Але сэрца сціскаецца, калі бачыш іх пакуты. Так з цягам часу прызвычаілася, ды і заўсёды на дапамогу прыходзіла маці і іншыя санітаркі. Яны падзяліліся вопытам, расказалі і паказалі ўсе тонкасці работы.
Калі заходзіш на кухню, дзе гаспадарыць Надзея, адразу кідаецца ў вочы стэрыльная чысціня. Талеркі, лыжкі і кубкі акуратна стаяць на падносе, зіхацяць каструлі і чайнікі, нідзе ні пылінкі, ні парушынкі, нават у цёмных куточках.
— Надзея акуратная, адказная і старанная, — расказвае пра свайго работніка загадчыца дзіцячага аддзялення ўрач Тамара Варанецкая. — За ўсе гады яе працы не было ніводнай заўвагі санітарных службаў па выкананні санітарна-гігіенічнага рэжыму. Ні адзінага разу яна не спазнілася на работу, не адказваецца ад грамадскіх даручэнняў.
Своечасова даставіць ежу, хутка раскласці па талерках і расставіць на сталы — гэта таксама ўваходзіць у абавязкі буфетчыцы. Але на гэтым яны ў Надзеі не абмяжоўваюцца. Чулая і добразычлівая, яна не можа дапусціць, каб хворае дзіця з-за стала ўстала галодным, таму заўсёды ўгаворыць малых з’есці хоць бы некалькі лажачак.
З любоўю і пяшчотай маладая жанчына адносіцца да сваіх капрызнікаў. Асаблівай увагай надзяляе «адказнікоў» і дзяцей, якія пазбаўлены бацькоўскай апекі. Прыносіць цацкі, адзенне, бавіць з імі свой вольны час, заўсёды знойдзе для іх добрае ласкавае слова. Ды і дзеці, якія не бачылі дабра да родных бацькоў, ў сваю чаргу гарнуцца да сардэчнай «цёці». Многія з іх ляжаць па паўгода, таму прывыкаюць да Надзеі і называюць яе маці. А дзіцячае сэрца — гэта своеасаблівы індыкатар на пачуцці дарослага чалавека.
Любіць Н.Павучонак чытаць кнігі, як і большасць маладых жанчын, пра каханне. Свайго суджанага і адзінага яна пакуль не сустрэла, таму ў маладой прывабнай і ўсмешлівай жанчыны ўсё яшчэ наперадзе. І шчасце яе не абміне.
Надзея добра спявае і заўсёды ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці, выступае на канцэртах, а ў гэтым годзе спявала ў хоры на Браслаўскіх зарніцах.
Працавітая, шчырая і адкрытая да людзей. Яна заўжды гатова дапамагчы кожнаму. Гэтыя якасці руплівай працаўніцы не засталіся не заўважанымі кіраўніцтвам бальніцы. Па выніках года за высокія паказчыкі і стараннасць у рабоце Н. Павучонак прызнана пераможцам і занесена на дошку Гонару браслаўскай установы аховы здароўя.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_4539 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.