Чацвёрты дзень нараджэння

Власть и общество

Аддзяленне дзённага 4дзеньзнаходжання для інвалідаў было адкрыта на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў ліпені 2009 года. Цяпер яго наведваюць 25 чалавек. Яны з задавальненнем займаюцца ў гуртках па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, камп’ютарнай грамаце, сацыяльна-бытавой адаптацыі, спартыўным, мастацка-тэатральным. Працуюць таксама для нашых наведвальнікаў псіхалагічны клуб і клуб “Сямейны савет”, працоўная майстэрня. Заняткі дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі адаптавацца ў жыцці, палепшыць сваё фізічнае, псіхалагічнае здароўе, навучыцца быць у калектыве, садзейнічаюць пашырэнню кругагляду.
Пад дахам нашага аддзялення сабралася шмат здольных і неардынарных людзей. Многія пішуць вершы, малююць, добра спяваюць, танцуюць, валодаюць акцёрскім майстэрствам. Яны з ахвотай наведваюць гарадскія мерапрыемствы і канцэрты, самі таксама рыхтуюць прадстаўленні і культурна-забаўляльныя праграмы, на якія запрашаюць пажылых людзей, дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў.
Раз у тыдзень ксёндз браслаўскай парафіі праводзіць з наведвальнікамі аддзялення духоўна-маральныя гутаркі. Нашы падапечныя самі афармляюць газету “С.О.Л.Н.Ц.Е” (Самые Особенные Люди Нашего Центра Едины), распаўсюджваюць буклеты і інфармацыйныя лісткі.
Аддзяленне дзённага знаходжання стала сапраўды для большасці яго наведвальнікаў другім домам, дзе ім цёпла, утульна, дзе ўсе роўныя, дзе шмат сяброў, якія заўсёды падтрымаюць у цяжкую хвіліну.
Чацвёртага ліпеня мы адзначалі свой чацвёрты дзень нараджэння. На свята сабраліся ўсе, хто наведвае аддзяленне з першага яго дня адкрыцця, госці з Міёрскага таварыства інвалідаў. Нашы падапечныя падрыхтавалі цікавую тэатральную пастаноўку з Новымі Рускімі бабкамі, ролю якіх выконвалі Вераніка Пятрова і Людміла Сінкевіч. Цудоўным танцам парадавала ўсіх Людміла Баранава. Валянціна Жураўская і Жанна Данюк чыталі вершы. Іван Дзярук выканаў песню. Былі на свяце конкурсы, бяспройгрышная латарэя. А гасцям гаспадары ўручылі сувеніры на памяць пра сустрэчу.
Свята прынесла ўсім, хто на ім прысутнічаў, шмат радасці і прыемных уражанняў, зарад энергіі і пазітыўнасці. Закончылася мерапрыемства чаяпіццем за салодкім сталом, якое арганізавала таварыства інвалідаў Браслаўскага раёна. Мы яшчэ раз упэўніліся, што магчымасці чалавека не абмежаваны і ўсе разам мы сіла.
Таццяна Навіцкая,
спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *