Браслаўчане на “Заборскім фэсце”

Актуальное

IMG_1042 (Small)Сёлетні фестываль сельскага турызму ў Расонскім раёне пад назвай “Заборскі фэст” быў нешматлюдным. Свае агратурыстычныя паслугі прадставілі толькі восем сядзіб, праўда, у іх ліку і дзве з нашага раёна – Юлія Герцава (“Петухоўшчына”) і Вольга Яткоўская (“Казка”). Кожны расказаў пра адметнасці, нейкія “фішкі”. Браслаўчане прывезлі на фэст многія рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў кластара, – вырабы з воўны, лёну, магніты на халадзільнік з выявай Браслава.
Старшыня Расонскага райвыканкама Аляксандр Шубскі падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства выказаў пажаданне, каб прыязджала больш гасцей, індывідуальных рамеснікаў, прадпрымальнікаў. Трэба, каб аграэкатурызм, які на Віцебшчыне прадстаўлены 450 сядзібамі, а ў Расонскім раёне 30-цю, выходзіў на больш шырокі фармат.
Як расказала Юлія Герцава, падчас “круглага стала”, у якім прымалі ўдзел загадчыца сектара турызму і аздараўлення насельніцтва ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Святлана Астаніна, старшыня праўлення БГА “Адпачынак на вёсцы” Валерыя Кліцунова, старшыня грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму Віктар Ерашоў, абмеркавалі магчымасці і перспектывы прымянення інавацыйных падыходаў у аграэкатурызме. Ю. Герцава падзялілася з калегамі вопытам укаранення ўласных напрацовак. У прыватнасці, як такая навамодная з’ява, як “кластар”, сёння стала рэальнай практыкай супрацоўніцтва паміж сядзібамі Міёрскага і Браслаўскага раёнаў.
Усе ўдзельнікі “круглага стала” поўныя аптымізму, бо бачаць, што аграэкатурызм для прысутных на фэсце – не радавы бізнес, а ідэйны нацыянальны прадукт, інструмент стварэння станоўчага вобразу рэгіёну.
Цікавай і насычанай была і сама праграма фэсту. Госці змаглі больш блізка пазнаёміцца з расонскімі сядзібамі, байдарачным маршрутам, шматлікімі аб’ектамі, сведкамі гераізму абаронцаў Айчыны ў гады вайны. Нікога не пакінула раўнадушным і тэатралізаваная імпрэза “На вайне як на вайне” ў музеі партызанскага побыту. Прадстаўленне, якое падрыхтавалі акцёры раённага і сельскіх дамоў культуры, кранула гледачоў да слёз.
Ну, і вядома ж, не абышлося без духмянай юшкі.
Па меркаванні Юліі Герцавай, тыя, хто не прыехаў на фэст, шмат страцілі. Бо на такіх сустрэчах можна не толькі з карысцю правесці час, але і скласці ўласнае ўяўленне пра адпачынак на вёсцы і яго магчымасці. А вось час для правядзення такога мерапрыемства быў абраны не зусім удалы, што адзначалі ўсе прысутныя. Цяпер у гаспадароў сядзіб вельмі мала часу, бо ідзе самы актыўны сезон масавага заезду турыстаў.

Зінаіда Палулех.IMG_1050 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *