Без мінулага няма сучаснага

Власть и общество

IMG_5112 (Small)Сёлета ўвесь праваслаўны свет і грамадскасць адзначаюць 1025-годдзе Хрышчэння Русі. Шырока гэта дата будзе святкавацца і ў Беларусі. Мерапрыемствы, якія пачаліся ў розных рэгіёнах краіны, не абмінулі і Браслаўшчыну.
Адразу зазначу, што на Прыдзвінні ім папярэднічала пасяджэнне аргкамітэта ў духоўна-асветніцкім цэнтры Полацкага Свята-Ефрасіньеўскага манастыра пад старшынёўствам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, пры ўдзеле начальніка аддзела па справах рэлігіі і нацыянальнасцей аблвыканкама Міхаіла Даніленкі і намеснікаў старшынь райвыканкамаў 11 рэгіёнаў. Абмяркоўваліся рэгіянальныя праграмы святкавання. У прыватнасці, як зазначыла намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, якая прысутнічала на сустрэчы, гаварылі пра тэрміны і тэмы правядзення “круглых сталоў”, канферэнцый, выставак.
Полацкая епархія – адна са старэйшых у Беларусі, і тут 1025-годдзе Хрышчэння Русі плануецца адзначыць асабліва маштабна. У бібліятэцы імя Янкі Купалы ў Полацку ўжо адкрыта зала праваслаўнай літаратуры, а ў чэрвені больш за 50 свяшчэннаслужыцеляў Полацкай епархіі адслужылі Боскую літургію ў кафедральным саборы Богаяўлення.
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя знамянальнай даце, прайшлі 14 ліпеня і ў Браславе. Удзел у іх прыняў таксама архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій. На ўваходзе ў Свята-Успенскую царкву ўладыку сустракалі старшыня райсавета Ніна Пучынская і намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яны ўручылі паважанаму госцю браслаўскі каравай і букет кветак. Ніна Пучынская ў прывітальным слове адзначыла важнасць падзеі і падкрэсліла, што кожны візіт у раён архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія — свята не толькі для праваслаўных вернікаў, але і для мясцовай улады, бо ён прыносіць на браслаўскую зямлю Боскую міласць і спакой.
У царкве ў гэты дзень прайшла літургія ў гонар хрысціянскага юбілею, на якую сабралася шмат людзей, сярод якіх было нямала моладзі і дзяцей. Па заканчэнні Богаслужэння людзі прайшлі Хрэсным ходам ад царквы па вуліцы Савецкай да помніка загінуўшым воінам-вызваліцелям і затым па вуліцы Ленінскай з заходам на Замкавую гару да храма. На працягу ўсяго шляху чуліся праваслаўныя песні, малітвы, віншаванні прахожым з вялікім святам.
Завяршыўся Хрэсны ход пропаведдзю ўладыкі. У сваім слове архіепіскап адзначыў: “Народ, які не памятае свайго мінулага, ніколі не будзе шанаваць будучыню. Сёння мы вяртаемся да вытокаў нашай гісторыі, культуры, духоўнасці для таго, каб захаваць нацыянальную самасвядомасць, патрыятызм, свежы розум і ясныя погляды на тое, як жыць, працаваць, развіваць сваё грамадства, краіну, сям’ю і асобу”.
Духоўнае святкаванне 1025-годдзя Хрышчэння Русі на Браслаўшчыне будзе працягвацца. У яго рамках пройдуць праваслаўныя чытанні, канферэнцыі, выставы, сустрэчы са свяшчэннаслужыцелямі.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *