Афармляем аўто на законнай падставе

Власть и общество

Як у “прадаўца”, так і “пакупніка” аўтамабіля пры замене дагавора куплі-продажу выдачай даверанасці могуць узнікнуць праблемы з ДАІ, страхавымі і падатковымі органамі, судом. Грамадзяне, якія аформілі пагадненне не па правілах, потым апраўдваюцца перад адпаведнымі органамі – але бывае позна.
Што ж такое пакупка аўтамабіля? Згодна з указам Прэзідэнта “Пра некаторыя меры па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў” пагадненні па адчужэнні аўтамабіляў заключаюцца на аснове дагавораў куплі-продажу, якія патрабуюць абавязковай дзяржаўнай рэгістрацыі.
Калі ж уладальнік аўто проста перадаў свой транспартны сродак другому чалавеку, выдаў яму гендаверанасць (ці проста перадаў дакументы на машыну) і ўзяў грошы – гэта не продаж. У аўтамабіля, аформленага па даверанасці, гаспадар не мяняецца, якія б не былі ўказаны паўнамоцтвы ў гэтым дакуменце. Фактычна “пакупнік” набывае за суму, роўную кошту машыны, толькі права ім карыстацца.
Нюансаў тут шмат. Па-першае, асоба, якая выдала даверанасць, можа ў любы момант перадумаць і адмяніць яе. Больш за тое – аб’явіць аўтамабіль украдзеным. І гэта стане непрыемным сюрпрызам для новага ўладальніка. Па-другое, даверанасць дзейнічае не больш за тры гады, калі не ўказаны тэрмін яе дзеяння ў адзін год. І калі машына не перааформлена за гэты час па дагаворы куплі-продажу, трэба будзе шукаць папярэдняга ўладальніка і афармляць законную здзелку.
Не аформіўшы дагавор куплі-продажу, а абмежаваўшыся даверанасцю, праблемы могуць узнікнуць як у папярэдняга ўладальніка, так і ў будучага.
Што датычыцца “пакупніка”, то ў выпадку смерці фактычнага ўласніка даверанасць губляе сілу і аўтамабіль пераходзіць яго родным. Калі асоба, якая выдала даверанасць, падае на развод, сумесна набытая маёмасць, а гэта і машына, дзеліцца. На “купленую” па даверанасці машыну таксама можа быць накладзена спагнанне па запазычанасці.
Праблемы будуць і ў папярэдняга ўладальніка. Напрыклад, калі першы аўтамабіль вы перадалі па даверанасці, а сабе купілі другі, на працягу года вы і новы “пакупнік” вашага папярэдняга аўто вырашылі прадаць транспартныя сродкі. У падатковыя органы вы павінны будзеце заплаціць падатак, а калі не зробіце гэтага, давядзецца плаціць штраф.
Да таго ж калі ваш папярэдні аўтамабіль, аформлены па даверанасці, трапіў у ДТЗ, а асоба, якая ім кіравала, уцякла з месца здарэння, адказваць давядзецца вам. І ўжо вам прыйдзецца даказваць супрацоўнікам ДАІ, што за рулём быў іншы чалавек.
Такім чынам, трэба яшчэ раз нагадаць, што толькі афармленне дагавора куплі-продажу паміж папярэднім і будучым уладальнікам будзе правільным варыянтам. Даверанасць замяніць гэты важны дакумент не зможа.

Зінаіда Стацэвіч,
загадчыца натарыяльнай канторы Браслаўскага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *