IMG_4618 (Small)

Адпачынак на турбазе: камфортна і цікава

Актуальное

IMG_4618 (Small)Турысцка-аздараўленчы комплекс “Браслаўскія азёры” вядомы аматарам актыўнага адпачынку і воднага турызму яшчэ з часоў Савецкага Саюза. А літаральна летась турбаза істотна змяніла свой выгляд.
– Неабходнасць правесці рэканструкцыю наспявала даўно, — гаворыць дырэктар Яўген Сяліцкі. – У адпачываючых патрабаванні да камфорту і ўтульнасці сёння зусім не тыя, што былі 10 – 15 гадоў таму назад. Таму апраўданым было рашэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая нас патрануе, пачаць тут у 2012 годзе маштабную перабудову.
Якія ж змены адбыліся? Яўген Сяліцкі правёў экскурсію па тэрыторыі. Радуе вока новы камфортны корпус. Цяпер гэта – сучасная гасцініца з холам, рэсэпшнам. Усюды новая мэбля. У кожным нумары душ, туалет, тэлевізар, халадзільнік. Словам, ёсць усё для камфортнага адпачынку.
З’явіліся і пяць новых бунгала замест шчытавых домікаў. Летнімі іх можна называць толькі ўмоўна. Яны з усімі зручнасцямі і камунікацыямі. А ў планах і падключэнне іх да кацельнай, каб можна было размясціцца і зімой. Побач з гэтымі 2-хмеснымі бунгала пабудаваны і два “сямейныя”, дзе прадугледжана і кухня.
Для маленькіх турыстаў абсталявана дзіцячая пляцоўка, для аматараў адпачынку на свежым паветры ў цяньку – альтанкі.
Моцна змянілася і сталовая, што таксама немалаважна. Утульная зала, новы посуд, шырокі асартымент прапануемых страў.
Але змяненні інтэр’еру гэта толькі адзін бок медаля. Другі – поўнасцю зменена перааснашчэнне сталовай. Тут усё новае – ад машын для чысткі і нарэзкі гародніны да халадзільнікаў са спецсістэмамі кантролю тэмпературнага рэжыму і пліты. Асаблівая гордасць – параканвектамат. Гэта асаблівая шафа для цеплавой апрацоўкі ежы, як яго тут называюць, сэрца сучаснай прафесіянальнай кухні. Ён здольны замяніць адразу некалькі відаў тэхналагічнага абсталявання – пліту, смажачную і духавую шафы, ежаварачны кацёл, фрыцюрніцу. Працуе апарат па зададзенай праграме.
Да пачатку сёлетняга летняга сезона закуплены новыя веласіпеды, катамараны, зроблены пірс. Для аматараў спорту ёсць магчымасць пагуляць у настольны тэніс, більярд.
Папрыгажэла і стала больш дагледжанай і сама тэрыторыя турбазы.
У чэрвені, па словах Я. Сяліцкага, было не вельмі шматлюдна. А вось з пачатку ліпеня пачаліся масавыя заезды турыстаў. Пуцёўкі прададзены ўсе да 31 жніўня.
Шмат прыязджае дзяцей. Гэтым летам тут адпачнуць іх больш за 300. Папулярнасцю карыстаецца і сямейны адпачынак.
Што ж датычыць кошту, то разам з трохразовым харчаваннем і пражываннем суткі абыходзяцца ў сярэднім у 350 тысяч рублёў.
У выхадныя ўвесь ліпень і жнівень у банкетнай зале гуляюць вяселлі. Гэта таксама прыносіць дадатковы рубель у скарбонку для развіцця турбазы. У міжсезонне многія пакоі заняты камандзіровачнымі. Для іх у гэты перыяд існуюць скідкі.
Прапануюць сваім турыстам і цікавыя забаўляльныя праграмы, гульні, конкурсы, дыскатэкі. Словам, кожны, хто працуе ў штаце, стараецца, каб прывабіць турыстаў ветлівасцю, культурай абслугоўвання, забяспечыць ім камфортнае жыццё і разнастайны адпачынак.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.IMG_4612 (Small) IMG_4616 (Small) IMG_4618 (Small) IMG_4619 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.