Адказы на найбольш частыя пытанні “прамых ліній” якія датычаць сацыяльнай абароны.

Спрашивайте-отвечаем

У час “прамых ліній” паступае шмат пытанняў ад жыхароў нашага раёна, якія датычаць сацыяльнай абароны. На найбольш частыя з іх адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Цяцера.
Як назначаецца пенсія?
Наш раён гранічыць з Латвіяй, Літвой. Да распаду СССР многія жыхары Браслаўшчыны працавалі на прадпрыемствах гэтых дзяржаў. Як у такіх выпадках налічваецца пенсія?
— Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельнікам шматбаковага Пагаднення аб гарантыях правоў грамадзян дзяржаў-удзельнікаў СНД у галіне пенсіённага забеспячэння. У лік гэтых краін уваходзяць Расійская Федэрацыя, Украіна, Малдова, Таджыкістан, Казахстан, Узбекістан, Кыргызстан, Арменія, а таксама двухбаковых пагадненняў з Малдовай, Украінай, Таджыкістанам і ў сферы сацыяльнага забеспячэння з Літоўскай Рэспублікай, Расійскай Федэрацыяй і Латвійскай Рэспублікай.
Так, згодна з дагаворам з Латвіяй, калі агульны памер пенсіі не дасягае мінімальнага, то на падставе дзеючага заканадаўства ў Рэспубліцы Беларусь пенсіянеру выплачваецца розніца, якая гарантуе мінімальны памер (з 1 ліпеня 2013 года 1139893 руб.). Права на пенсію па старасці ў Латвіі маюць асобы па дасягненні 62 гадоў, калі іх працоўны стаж не менш за 10 гадоў. Па дасягненні чалавекам неабходнага ўзросту выплачваецца і пенсія за работу ў Латвіі.
На падставе Закона “Аб дзяржаўных пенсіях” (Латвія) пенсіённы ўзрост, неабходны для назначэння пенсіі па старасці, з 2014 года будзе паступова павышацца з 62 да 65 гадоў.
Цяпер у нашым раёне пенсіі па дагаворы з Латвіяй атрымліваюць 260 чалавек, з Літвой – 9.
Чым заняцца, калі не паступілі
Ці можна і якую прафесію атрымаць выпускнікам 9 класаў у выпадку, калі яны не паступілі ў навучальныя ўстановы, па накіраванні службы занятасці, ім жа яшчэ не споўнілася 18 гадоў.
— Выпускнікі 9 класаў, як і 11-ых, у выпадку, калі яны не паступілі, могуць быць зарэгістраваны ў службе занятасці (Леанарда Іванаўна Пятушка, тэл. 2-14-95) у якасці беспрацоўнага. Там іх праінфармуюць пра магчымасці і ўмовы праходжання прафесіянальнай падрыхтоўкі, прапануюць некалькі магчымых варыянтаў выбару атрымання прафесіі з улікам стану здароўя, схільнасцей і патрэб раённага рынку працы. Навучанне непаўналетняй моладзі ажыццяўляецца па наступных прафесіях: повар, цырульнік, сакратар-машыністка, майстар па манікюры і педыкюры, афіцыянт, бармен, аператар ПЭВМ.
Даплата да мінімальнай зарплаты
У якім выпадку робіцца даплата работніку да мінімальнай заработнай платы?
— Калі работнік адпрацаваў норму працягласці рабочага часу і выканаў устаноўленую яму норму, то яго заработная плата не можа быць ніжэй за адпаведны памер МЗП.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.