OLYMPUS DIGITAL CAMERA

З любоўю да маленькіх пацыентаў

Актуальное

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУрач-педыятр Тамара Дубіна за 24 гады, што працуе на Браслаўшчыне, для многіх дзетак стала не толькі доктарам, але і мамай, а для бацькоў малых – аўтарытэтам. Яе пазнаюць на вуліцах горада і шчыра вітаюцца. Яна ж, у сваю чаргу, сустрэўшы свайго маленькага пацыента, абавязкова пацікавіцца яго здароўем.
— Я ніколі нават не сумнявалася ў выбары прафесіі, — гаворыць сама Т. Дубіна. – У нас на Гродзеншчыне, адкуль я родам, да ўрачоў заўсёды адносіліся з асаблівай павагай. Добра памятаю, як мая бабуля і бацькі са своеасаблівым трапятаннем чакалі прыезду фельчара.
Школу я закончыла з сярэбраным медалём. І без разважанняў пайшла ў Гродзенскі медыцынскі інстытут, які паспяхова закончыла. Пасля два гады працавала выкладчыкам дзіцячых хвароб у Полацкім медыцынскім вучылішчы. А выйшла замуж — прыехала на Браслаўшчыну, якая за столькі гадоў стала для мяне сапраўды роднай.
— А чаму выбралі менавіта педыятрыю, — цікаўлюся.
— Заўсёды любіла маленькіх дзяцей. Яны ж такія безабаронныя. І мне ім заўсёды хацелася дапамагаць, калі яны хварэюць. Тым больш у нас па суседстве жыла вельмі хворая дзяўчынка. Мне неаднойчы, калі была студэнткай, даводзілася ў час прыступаў рабіць ёй ін’екцыі. Я марыла вылячыць яе.
Тамара Мікалаеўна ўпэўнена, што педыятрыя – самая аптымістычная з усіх урачэбных прафесій. Дзеці, якія прастудзіліся, ці ў якіх баліць жывоцік, дастаткова хутка выздараўліваюць. Нават хворыя яны ўсміхаюцца, асабліва, калі доктар абнадзейвае, што ўкол – гэта не так ужо і балюча, што таблетка – не такая і горкая, але яна дапаможа. А яшчэ яна пашкадуе, прытуліць да сябе, калі мамы няма побач, каб дзіця выцерла слёзы і пайшло ў палату ці ўсміхнулася. Вельмі важна паставіць правільны дыягназ.
І ў гэтым дапамагаюць не толькі веды, але і мацярынскі інстынкт.
Тамара Дубіна вядзе прыёмы ў дзіцячай кансультацыі, працуе ў аддзяленні, выязджае па выкліках, дома таксама аказвае экстранную дапамогу сваім маленькім пацыентам. Ёсць у яе і начныя дзяжурствы па бальніцы. Напружанасці і адказнасці хапае. Але ж якое задавальненне атрымлівае доктар, калі бачыць, што дзіця павесялела, пачало гуляць, значыць, пайшло на папраўку.
Жанчына ўпэўнена, што педыятрыя ідзе побач з псіхалогіяй. Бо нярэдка даводзіцца пераконваць маці, якая спяшаецца выйсці на працу, што дзіця павінна прайсці поўны курс лячэння, а не ўсяго тры дні папіць таблеткі ці мікстуру.
А яшчэ педыятру неабходна быць добрым. З дабрынёй не на паказ, а ўнутры. І Тамара Мікалаеўна валодае такой якасцю, сама ж выгадавала дзвюх дачок, ведае, як баліць сэрца маці, калі малое хварэе.
Асобнай старонкай у працоўнай біяграфіі Т. Дубіны з’яўляецца пасада намесніка галоўнага ўрача ЦРБ па амбулаторна-паліклінічнай рабоце. На шэсць гадоў давялося істотна памяняць спецыфіку работы і стаць больш адміністратарам, чым педыятрам. Шмат было і грамадскіх абавязкаў: з’яўлялася членам камісіі па справах непаўналетніх і інфармацыйнай групы, вяла прафілактычную работу. Але заўсёды звонку і ў душы заставалася дзіцячым доктарам. І вось не так даўно зноў вярнулася да сваіх маленькіх пацыентаў. З імі і з іх бацькамі яна ўмее знаходзіць агульную мову. І гэта дарагога варта.

Тэкст і фота
Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.