IMG_3830 (Small)

Вернісаж набірае абароты

Актуальное

IMG_3830 (Small)Вельмі прыемна, што на «Браслаўскіх зарніцах» зараджаюцца новыя традыцыя, а гэта значыць з’яўляецца яшчэ больш цікавых мерапрыемстваў. Так сёлета ўпершыню ў музеі традыцыйнай культуры адбыўся вернісаж нацыянальных культур і традыцый «Нас аб’яднала браслаўская зямля».
Краіны-ўдзельніцы свята — Літва, Арменія, Польшча і Беларусь прадставілі гледачам фотаздымкі гістарычных і маляўнічых мясцін свайго краю, прыгожыя і непаўторныя вырабы народных майстроў, нацыянальныя касцюмы.
З прыветным словам да прысутных звярнуўся дырэктар музейнага аб’яднання Аляксандр Панцялейка. Ён звярнуўся да гісторыі стварэння свята «Браслаўскія зарніцы» і выказаў спадзяванне, што гэты вернісаж стане яшчэ адной добрай традыцыяй і ў наступным годзе збярэ больш як экспанатаў, так і ўдзельнікаў.
Потым супрацоўнік музея Наталля Парахневіч прадставіла экспазіцыю Беларусі, якая складалася з маляўнічых фотаздымкаў блакітнавокай Браслаўшчыны Юрыя Палуцкага, і непаўторных работ з саломкі нашага вядомага майстра Міхаіла Чэркаса. Яна пазнаёміла прысутных з гісторыяй стварэння нацыянальнага касцюма браслаўскага раёна.
Незвычайных лялек-вядзьмарак прадставіла Літва.
Цікавым і захапляльным быў аповед Саака Антанясяна пра архітэктурна-гістарычныя помнікі Арменіі, якія гледачы маглі ўбачыць на фотаздымках. Уразілі ўсіх прысутных сваёй арыгінальнасцю і непаўторнай прыгажосцю габелены, якія лічацца адным са старажытных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На гэтых насценных дыванах адлюстраваны фантастычныя сваёй рэальнасцю армянскія пейзажы і гістарычныя эмблемы (на здымку). Работы вельмі эфектныя і напоўненыя чыстай і светлай энергіяй. Як запэўніў Саак Антанясян, у наступны раз экспазіцыя Арменіі будзе больш шырокай, яскравай і паабяцаў нават прывесці тканы пояс 16 стагоддзя.
Шмат ураджэнцаў Браслаўшчыны жыве ў Польшчы, але яны не губляюць сувязі са сваёй радзімай, пра што сведчыць сумесная дзейнасць. Так, дзякуючы рэалізацыі праектаў па развіццю культуры і турызму ў нашым краі моладзь Браслаўшчыны мае магчымасць займацца на байдарках і ветразях. Менавіта пра гэта і распавядалі прадстаўнікі польскай дэлегацыі. А яшчэ яны прадставілі зборнікі вершаў на польскай мове пра Браслаўшчыну.
З унікальнымі архітэктурнымі помнікамі Смаленска пазнаёмілі гледачоў нашы суседзі з Расіі. Цікавымі былі вырабы народных майстроў. У кожнай рабоце адчуваўся свой характар і настрой. Адметным быў і рускі нацыянальны касцюм, элементы якога датаваны 18 стагоддзем.
Асаблівы каларыт і ўзнёслы настрой у гэтае мерапрыемства ўнеслі казакі з Данецка, якія былі не толькі гледачамі, а яшчэ спелі некалькі сваіх народных песень.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.