IMG_4247 (Small)

У купальскі вечар чароўны

Общество

IMG_4247 (Small)Вечарам у мінулую нядзелю адсвяткаваць Купалле ў Леснічоўку сабраліся шматлікія браслаўчане, госці горада. Добраму настрою спрыяла не толькі цудоўнае летняе надвор’е, але і тая атмасфера, якую стварылі на сцэне работнікі культуры. Яны на гэты раз стараліся як мага больш дасканала наблізіцца да тых даўніх купальскіх традыцый, песень, абрадаў, конкурсаў, з якімі святкавалі нашы продкі.
Вядучыя, а гэта гаспадыні лясоў, рэк і азёр, завіталі на Купалле з падарункамі. Іх уручалі тым, хто вызначыўся розумам, кемлівасцю, сілай або спрытам. А для гэтага напачатку трэба было правільна адказаць на пытанні, звязаныя з народнымі купальскімі традыцыямі, накшталт, што ў старажытнасці кідалі ў крынічку, калі прасілі моцнага здароўя, ці можна купацца ў купальскую ноч, якія традыцыйныя напіткі пілі нашы продкі ў дзень свята, якім напіткам умываліся дзяўчаты, каб быць прыгожымі і г.д. І вельмі прыемна было бачыць, што на многія з гэтых пытанняў адказы давалі дзеці і маладыя людзі, значыць, ім таксама цікава ведаць пра традыцыі дзядоў і прадзедаў.
Нездарма лічыцца, што купальская ноч хоць самая кароткая, бо гэта дзень летняга сонцастаяння, але яна чароўная. Як жа ў такую ноч абысціся без гадання? Жадаючыя маглі даведацца пра свой будучы лёс у бабкі Заклікухі. За прадказаннямі да яе падыходзілі і маладыя, і старыя.
Настаў момант, калі на небе з’явіўся месяц ясны, і на сцэну выйшаў Вадзяны з русалкамі. Яны таксама прапанавалі гледачам цікавыя гульні.
Ну і як жа без купальскіх вянкоў? Прыгожыя маладыя дзяўчаты здымалі іх з галавы і пускалі па воднай гладзі возера Бярэжжа, абавязкова пры гэтым загадвалі жаданні выйсці замуж, быць шчаслівымі і здаровымі. У сплеценых вяночках гарэлі свечкі, а па возеры плыла лодка, асвечаная факеламі. Цудоўнае і казачнае было відовішча. А затым запалілі купальскае вогнішча, агонь якога, па паданнях, ачышчае ад хвароб і сурокаў. Доўга вакол яго вадзілі карагоды і спявалі песні.
Магчыма, нехта ў гэты чароўны вечар адправіўся ў лясную гушчу шукаць папараць-кветку. Хочацца думаць, што некаму і пашанцавала яе знайсці.
На працягу ўсяго свята цудоўныя песні дарылі гледачам салісты Марына Шыркевіч, Наталля Няміра, Алена Карпацій, Марыя Сініца.
Не магу не адзначыць, што работнікі культуры ў гэты чароўны купальскі вечар падарылі ўсім, хто прыйшоў у Леснічоўку, сапраўднае свята і выдатны настрой.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.