3 бренд фермерского хозяйства (Small)

Сустрэчы з калегамі – на карысць бізнесу

Актуальное

3 бренд фермерского хозяйства (Small)Сёлета пачалася рэалізацыя праекта “Стварэнне сельскіх турыстычных кластараў у Беларусі: інавацыі, інтэграцыя, інстытуцыяналізацыя як аснова ўстойлівай падтрымкі сельскіх рэгіёнаў”. Фінансуецца ён праграмай падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі, а асноўным рэалізатарам з’яўляецца БГА “Адпачынак у вёсцы”, дзе адным з партнёраў выступае Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне трансгранічнага супрацоўніцтва “Еўрарэгіён “Азёрны край”. Браслаўскі і Міёрскі раёны разам з Відзамлянскім сельсаветам і Валожынскім раёнам выбраны як пілотныя тэрыторыі, дзе гэты праект будзе рэалізоўвацца.
У яго рамках ужо прайшлі навучальныя семінары і трэнінгі. Напачатку ў праекце павінны былі ўдзельнічаць 7 аграсядзіб нашага раёна і адна з Міёрскага, а таксама музеі традыцыйнай культуры. Пазней кластар пашырылі за кошт сядзіб Міёрскага раёна і заказніка “Ельна”.
На адной з сустрэч гаспадары сядзіб пазнаёміліся з квестынгам – гэта вельмі папулярная гульня ў Польшчы, нешта сярэдняе паміж “Зарніцай” і спартыўным арыентаваннем. Такую новую забаўляльную паслугу яны цяпер змогуць прапаноўваць сваім кліентам, тым больш, што яна амаль не патрабуе фінансавых затрат.
Затым мы пабылі ў г. Штральсунд (Германія). Там наведалі некалькі фермерскіх гаспадарак, аграсядзіб і стаянку для аўтакараванаў. Нас вельмі ўразіла, як немцы ўмеюць арганізоўваць вольны час. Яны прэзентавалі шэраг крэатыўных праграм для дзяцей, моладзі, экалагічнае харчаванне, падворак з дамашнімі жывёламі, якіх трымаюць не дзеля атрымання прыбытку, а для інтарэсу. Брэнды і спецыялізацыя іх сядзіб выгадна адрознівае іх адпачынак ад нашага. Нам было чаму павучыцца.
Прэзентацыя агратурыстычнага кластара адбылася на 3-ім злёце гаспадароў сядзіб Віцебскай вобласці ў Лёзненскім раёне на сядзібе “У Нінэль”. Наш раён там прадстаўлялі гаспадары “Петухоўшчыны”, “Арэхава” і “Бальсан”. Мы падрыхтавалі выставу вырабаў з ільну, лялек з травамі. Усіх уразілі кошыкі з піражкамі ўласнага прыгатавання і вэнджаная рыба. Злёт прайшоў у сяброўскай і вясёлай атмасферы.
Удзел у такіх мерапрыемствах не толькі фарміруе пазітыўны імідж Браслаўшчыны, але і дае неацэнны вопыт для далейшай дзейнасці ў развіцці агратурызму.
Свой кластар мы прэзентавалі і на “Браслаўскіх зарніцах”.
А нядаўна на базе сядзібы “Арэхава” ў другі раз прайшоў семінар-практыкум “Акадэмія лёну”. Дзесяць гаспадароў нашага і Міёрскага раёна навучыліся новай тэхніцы работы з гэтага матэрыялу. За круглым сталом абмеркавалі пытанні ўдзелу ў мерапрыемствах вобласці, Беларусі, расказалі калегам пра вопыт работы аграэкасядзіб Польшчы і Германіі.
На майстар-класах навучыліся рабіць лялек, напоўненых сушанымі травамі, плесці паясы, вырабляць дробную сувенірную прадукцыю. Словам, час правялі цікава і з карысцю.

Юлія Герцава,
старшыня раённага аб’яднання трансгранічнага
супрацоўніцтва “Еўрарэгіён “Азёрны край”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.