Супрацоўніцтва ўлады і царквы

Актуальное

IMG_3347 (Small)На адной з сустрэч кіраўнік нашай краіны Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што “ў дзяржавы і царквы адны і тыя ж мэты – грамадзянская згода і адзінства народа”.
Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў узаемадзеянню з царквой надаюць значную ўвагу. Вось ужо другі год запар на прэзідыум райсавета запрашаюць свяшчэннаслужыцеляў розных канфесій, каб абмеркаваць сумесна пытанні духоўнасці, хрысціянскіх каштоўнасцей – дабра, справядлівасці, міласэрнасці, сумеснага супрацоўніцтва.
Як падкрэслівалі старшыні райсавета і райвыканкама Ніна Пучынская і Сяргей Шматаў, які прысутнічаў на пасяджэнні прэзідыума, у апошняе дзесяцігоддзе ў нашым грамадстве ўзрос інтарэс да рэлігіі, нягледзячы на тое, што матэрыяльныя інтарэсы ўсё больш выцясняюць духоўныя. І менавіта рэлігійныя абшчыны застаюцца надзейнай апорай і памочнікам у вырашэнні праблем праблем з п’янствам, сацыяльнага сіроцтва, падзеннем маралі, умацаваннем сямейных адносін.
Наш раён – шматканфесіянальны. І свяшчэннаслужыцелі ўсіх канфесій прыкладаюць шмат намаганняў для духоўнага выхавання дзяцей, дапамогі людзям, якім яна патрэбна.
Пра гэта шмат гаварыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ірына Мацук. Шмат увагі прадстаўнікі царквы разам з мясцовай уладай ўдзяляюць менавіта ўстановам адукацыі, бо менавіта ад духоўна – маральнага выхавання падлеткаў залежыць, якім будзе наша грамадства ў цэлым.
У прыватнасці, у адных школах працуюць такія аб’яднанні па інтарэсах, як “Асновы праваслаўнай культуры”, факультатывы “Даследуючы гуманітарнае права”.
Ва ўстановах адукацыі ў мінулым годзе і сёлета сумесна з благачыннямі праваслаўнай і рымска –каталіцкай царквы праведзена 125 мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам, памятным датам, традыцыйным міжнародным дням.
Інтарэс у навучэнцаў і іх бацькоў выклікаюць выставы перыядычных выданняў і літаратуры “Духоўныя каштоўнасці нашага народа”, “Запаліце зоркі памяці і надзеі”, “Рэлігіі свету”, “Секта – гэта небяспечна” і іншыя.
Штогод разам з прадстаўнікамі праваслаўнай царквы арганізуецца раённы “Велікодны фестываль”. Сёлета светламу святу Пасхі была прысвечана і выстава дзіцячых работ “На крылах таленту”.
І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. Галоўнае, што ўсе яны прысвечаны адной мэце – выхаванню ў маладога пакалення духу патрыятызму, веры, маральнай устойлівасці, каб будучае пакаленне нашай краіны было гарманічным, пра што клапоцяцца і мясцовая ўлада, і царква.
На пасяджэнні прэзідыума старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў звярнуўся да свяшчэннаслужыцеляў з просьбай больш актыўна супрацоўнічаць з сельскімі Саветамі дэпутатаў, раённымі службамі па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, могілак, навядзенні парадку на зямлі, больш настойліва заклікаць да гэтай справы прыхаджан.
Праўда, як зазначыла Ірына Мацук, на сённяшні дзень у сумеснай рабоце існуе такое праблемнае пытанне, як рэгістрацыя зямельных участкаў і ўзаконьванне культавых пабудоў, якія належаць абшчынам. На пачатак мая бягучага года іх зарэгістраваны лічаныя адзінкі. Як падкрэсліла старшыня райсавета Ніна Пучынская, неабходна з поўнай адказнасцю аднесціся да ўзаконьвання культавых пабудоў, а там, дзе патрэбна адрасная падтрымка органаў улады, яна будзе аказана.
Сёлетні 2013 год знамянальны тым, што будзе адзначацца 1025 — годдзе Хрышчэння Русі. Віцебскі аблвыканкам распрацаваў шэраг мерапрыемстваў па святкаванні гэтай даты. Не пройдзе такі значны юбілей і міма Браслаўшчыны. А ў кастрычніку спаўняецца 100 гадоў відзаўскаму касцёлу. Настаяцель прыходу Нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі Альфрэд Пяхота запрасіў прадстаўнікоў мясцовай улады на свята, падрыхтоўка да якога ўжо ідзе.
Выступіў на пасяджэнні прэзідыума і пратаіерэй благачынны Браслаўскага Благачыння Анатоль Іваноў, які расказаў пра дзейнасць праваслаўных абшчын у выхаванні духоўнасці, аказанні міласэрнасці, супрацоўніцтве з мясцовай уладай.
Падводзячы вынікі размовы, старшыня райсавета Ніна Пучынская яшчэ раз падкрэсліла, што органы мясцовай улады зацікаўлены ў цесным супрацоўніцтве з царквой і ўдзячны ім за ўзаемаразуменне і падтрымку ва ўсіх добрых і карысных людзям справах.

Зінаіда Палулех.
IMG_3349 (Small)
IMG_3348 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *