Сталі багатымі яшчэ на адну кнігу

Актуальное

IMG_3984 (Small)Браслаўшчына — прыгожы непаўторны край. І вельмі добра, што цікавасць да вывучэння багатай гісторыі і ўнікальнай прыроды нашага азёрнага вугалка не знікае. А вынікі і ўражанні гэтай дзейнасці знаходзяць адлюстраванне ў навукова-папулярных выданнях.
І вось зусім нядаўна на свет з’явілася яшчэ адна цікавая і карысная кніга «Браслаўскі край» Леаніда Лінова.
Па спецыяльнасці географ, Леанід Аляксандравіч усё жыццё цікавіўся і збіраў звесткі пра гістарычную спадчыну і цудоўную прыгажосць нашага раёна. Вельмі добра пасадзейнічала стварэнню гэтай кнігі васьмігадовая праца аўтара ў нацыянальным парку «Браслаўскія азёры». Гэта дало магчымасць сабраць і абагульніць літаратурныя, фондавыя і навуковыя матэрыялы, правесці дадатковыя назіранні, пазнаёміцца з навуковымі дзеячамі.
Кніга ўтрымлівае агульныя звесткі пра Браслаўскі раён. У ёй даецца характарыстыка прыродным умовам, ландшафтам, прыгожым мясцінам, цікавым помнікам, багатаму расліннаму і жывёльнаму свету нашага раёна. Кніга аздоблена шматлікімі картамі, табліцамі, цудоўнымі фотаздымкамі. Яна разлічана на шырокае кола чытачоў. Аматары прыроды змогуць пазнаёміцца з умовамі і рэсурсамі краю, настаўнікі і школьнікі выкарыстоўваць даныя кнігі пры вывучэнні краязнаўчых тэм на ўроках і ў пазакласнай рабоце.
Кніга «Браслаўскі край» убачыла свет дзякуючы аддзелу адукацыі райвыканкама і калектывам школ раёна, якія выдзелілі грошы на яе выданне. На жаль, тыраж кнігі ўсяго толькі 30 экземпляраў, якія будуць раздадзены па школах. Так што яна рызыкуе стаць кніжным рарытэтам.
Атрымаў адзін экземпляр з рук Зміцера Вішнёва, дырэктара прыватнага выдавецтва «Галіяфы» і аўтар.
А ўвогуле гэтая кніга можа ўпрыгожыць паліцу любога кнігалюба, будзе карыснай для тых, хто хоча больш даведацца пра родны край.
Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *