Радасць супольнай малітвы

Актуальное

IMG_4077 (Small)У гонар святога Антонія Падуанскага-цудатворца 13 чэрвеня ў браслаўскім касцёле «Нараджэння Маці Божай» адбылася святая імша. Гэта адзін з найбольш шанаваных каталіцкай царквой святы, да якога звяртаюцца пры пошуку страчаных рэчаў. Святы Антоній дапамагае знайсці людзям не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае: каханне, надзею, сумленне, Бога. А яшчэ ён з’яўляецца апекуном усіх хворых і нямоглых. Менавіта таму ў гэтай святой імшы прымалі ўдзел і людзі, якія па прычыне хваробы ці паважнага ўзросту доўгі час не маглі памаліцца ў храме.
Сёлета ім такую магчымасць далі святары і парафіяне каталіцкага таварыства «Карытас». Яны арганізавалі падвоз вернікаў да святыні. А дзякуючы тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, рэдакцыі раённай газеты, аддзелу культуры райвыканкама і браслаўскім вернікам, якія прадаставілі транспарт, хворыя і сталыя людзі атрымалі радасць супольнай малітвы.
У святой імшы прымаў удзел і ксёндз-пробашч Антоній, які з нагоды сваіх імянін і запрасіў гэтых людзей. У сваёй пропаведзі ён адзначыў, што ўсе нямоглыя і цярплівыя — гэта вялікі скарб для касцёла, бо з-за сваіх пакут яны становяцца найбліжэй да Ісуса Хрыста. І сваім цярпеннем заслугоўваюць прабачэнне ўсіх сваіх грахоў.
Потым з рук ксяндзоў Адама і Антонія вернікі атрымалі сакрамант апошняга намашчэння.
Пасля святой імшы вернікі сабраліся ў парафіяльным доме, дзе для іх быў накрыты стол. І па-сутнасці адзінокія людзі ў добразычлівай атмасферы змаглі разам не толькі смачна паабедаць, а і проста пагаварыць, падзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі. А па заканчэнні ўдзельнікі супольнасці разам шчыра спявалі песні, славячы Бога.
Пры развітанні былі бачны толькі добразычлівыя позіркі і ўсмешкі на тварах, бо свята сапраўды атрымалася сардэчным і чулым. За што вернікі былі вельмі ўдзячны сваім святарам і арганізатарам гэтай сустрэчы.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *