Першы на Браслаўшчыне

Актуальное

IMG_2179 (Small)У Беларусі вельмі вялікая ўвага надаецца дзецям, іх выхаванню, ахове іх праў і інтарэсаў. Адзін толькі Дэкрэт №18 чаго варты. На гэтым фоне ў краіне набірае абароты пераход ад дзіцячых інтэрнатных устаноў, якіх увогуле праз некалькі год не павінна застацца, да дзіцячых дамоў сямейнага тыпу.
Першы такі дом на Браслаўшчыне і дваццаць першы ў вобласці адкрыўся ў суботу, 1 чэрвеня, у гарадскім пасёлку Відзы. Як няцяжка здагадацца, падзея была прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей.
Капітальны катэдж быў узведзены полацкімі будаўнікамі за сродкі, выдаткаваныя ў рамках рэалізацыі прэзідэнцкай праграмы “Дзеці Беларусі”. Зараз ён поўнасцю ўкамплектаваны мэбляй, бытавой тэхнікай, прадметамі быту, мае вялізны ўчастак з дзіцячай гульнявой пляцоўкай і знаходзіцца на балансе аддзела адукацыі райвыканкама.
Яго ж жыхарамі стала сям’я ў складзе маці-выхавацеля Святланы Дземяткевіч і чатырох дзетак – Дзіяны Марцілёнак (11 гадоў), Нікіты Семака (10 гадоў), васьмігадовых Андрэя Латышонка і Максіма Марцілёнка.
На ўрачыстым адкрыцці дома прысутнічалі як простыя відзаўчане, якія, як мне падалося, шчыра радаваліся новым суседзям, так і прадстаўнічая афіцыйная дэлегацыя. У складзе апошняй быў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок, дырэктар абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Ганна Шчурок, кіраўніцтва Браслаўскага райвыканкама і аддзела адукацыі на чале з Сяргеем Шматавым і Іванам Абаровічам адпаведна і многія іншыя.
Арганізатары ж мерапрыемства паклапаціліся пра яго прыгажосць і кранальнасць. Прысутныя пабачылі танцы і пачулі спевы ў выкананні дзяцей, сталі сведкамі таінства, падчас якога імправізаваныя анёлы падарылі сям’і сімвалы шчасця, багацця і дабрабыту: ікону, агонь, кацяня, каравай і ручнік. Высокія госці таксама не засталіся ўбаку і адрасавалі навасёлам шмат цёплых слоў і каштоўных падарункаў: тэлевізар ад Браслаўскага райвыканкама і музычны цэнтр ад упраўлення адукацыі аблвыканкама, У. Цярэнцьеў падарыў халадзільнік, а ад Беларускага дзіцячага фонду сям’я атрымала камп’ютар і саладосці. Не пакінула без увагі новых жыхароў пасёлка і кіраўніцтва мясцовых устаноў і арганізацый: свае падарункі сям’і прыпаднеслі дырэктар ААТ “Агравідзы” Уладзімір Залатуха і дырэктар Відзаўскага каледжа Міхаіл Смірноў. Прычым апошні быў досыць арыгінальным і з мэтай фарміравання ў дзяцей пачуцця адказнасці падарыў ім міні-трусаферму з двума доўгавухімі жыхарамі.
Вядома, не абышлося без сімвалічнага ключа і ўрачыстага пераразання чырвонай стужкі. Першай у дом па добрай традыцыі ўвайшла падараная кошачка. Затым новыя гаспадары паказалі свой прасторны катэдж гасцям, а завяршылася мерапрыемства сяброўскімі пасядзелкамі за кубачкам чаю з навасельным караваем.
Застаецца пажадаць навасёлам шчаслівага і радаснага пражывання ў атмасферы сяброўства і ўзаемаразумення. Тым больш, што для гэтага ёсць усе ўмовы.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *