IMG_4359 (Small)

Новыя партнёры – новыя магчымасці

Власть и общество

IMG_4359 (Small)Выязное пасяджэнне прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў, якое прайшло 14 чэрвеня, адкрыў яго старшыня Аляксандр Ацясаў. Ён патлумачыў, чаму месцам яго правядзення стаў менавіта Браслаўскі раён. Тэма “Міжнароднае супрацоўніцтва як аснова прыцягнення інвестыцый”, вынесеная на абмеркаванне, у апошні час набывае ўсё большую актуальнасць. Інвестыцыі садзейнічаюць сацыяльна-эканамічнаму развіццю рэгіёну, паляпшэнню інфрастуктуры, стварэнню рабочых месц. На Браслаўшчыне ж напрацавана пэўная сістэма сумеснай дзейнасці мясцовай улады і самакіраванняў краін-суседак, іншых замежных дзяржаў у галінах адукацыі, культуры, медыцыны па прыцягненні інвестыцый, пошуку новых партнёраў і наладжванні кантактаў.
Затым гасцей вітаў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён расказаў пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, а бліжэй з нашым азёрным краем усе пазнаёміліся пры праглядзе дакументальнага фільма.
Старшыня райсавета Ніна Пучынская падрабязна расказала членам абласнога прэзідыума, калегам пра формы і метады работы па міжнародным супрацоўніцтве, сумесных праектах, якія ўжо рэалізуюцца, і пра планы на бліжэйшую перспектыву.
Яна яшчэ раз падкрэсліла, што міжнароднае супрацоўніцтва дае магчымасць асвойваць еўрапейскія тэхналогіі кіравання рэгіянальным развіццём, эфектыўна вырашаць сацыяльныя, экалагічныя і інфраструктурныя праблемы.
Не інакш, як даўнімі добрымі сябрамі і надзейнымі партнёрамі называла Браслаўскі раён і Даўгаўпілскі край выканаўчы дырэктар мясцовага самакіравання Даўгаўпілскага краю Ванда Кезіка, якая таксама была запрошана на пасяджэнне прэзідыума. Адносіны паміж суседнімі рэгіёнамі зарадзіліся ў 90-ых і з кожным годам мацнеюць і развіваюцца.
— І няхай сёння мы яшчэ ствараем не так шмат сумесных прадпрыемстваў, але ў першую чаргу стараемся для людзей, якіх звязваюць сваяцкія і сяброўскія сувязі, — зазначыла яна.
Пасля пленарнага пасяджэння гасцей чакала насычаная праграма знаёмства з раёнам.
На Замкавай гары іх хлебам-соллю, добрымі песнямі віталі творчыя калектывы “На панадворку” і “Відзаўчаначка”. Там жа з вышыні гары яны змаглі палюбавацца краявідамі і воднай гладдзю возера Дрывяты.
Затым усе накіраваліся ў Опсаўскі сельсавет, дзе яго старшыня Ала Даніліна і старшыня СВК “Маяк Браслаўскі” Рамуальд Шукель расказалі пра сумесную дзейнасць па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Добраўпарадкаванне населеных пунктаў, могілак, знос аварыйных дрэў і пабудоў, вода- і газазабеспячэнне — гэта няпоўны пералік пытанняў, якія вырашаюцца ў тандэме.
А. Даніліна падкрэсліла таксама, што мясцовая ўлада шукае кантакты для развіцця тэрыторыі. У прыватнасці, нядаўна інвестары ўзяліся за адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Плятэраў. Дарэчы, госці наведалі былую сядзібу, а прадстаўнік ААТ “Сядзібы і замкі” Вольга Мандрык расказала ім пра планы па яго рэканструкцыі.
Да таго ж сёлета будзе заключаны дагавор паміж Опсаўскім сельскім Саветам дэпутатаў і абшчынай Куртан Сцяпанаванскага рэгіёну Арменіі па рэалізацыі яшчэ аднаго праекта.
Госці былі прыемна здзіўлены, што ў міжнароднае супрацоўніцтва разам з раённай уладай уключаюцца і сельскія Саветы дэпутатаў.
Наступным пунктам для наведвання стаў аграгарадок Слабодка. Старшыня сельвыканкама Станіслаў Кяпсня і дырэктар КУП ЖКГ ”Браслаў-камунальнік” Ігар Брынкевіч расказалі пра цеснае ўзаемадзеянне па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, а таксама пра падтрымку шэфаў, мясцовага насельніцтва.
Аляксандр Ацясаў неаднойчы падкрэсліваў, што Браслаўскі раён — адзін з нямногіх, які знайшоў паразуменне з шэфамі, рознымі арганізацыямі з Полацка, Наваполацка, і ўмела скарыстоўвае такія сяброўскія сувязі.
Усе без выключэння госці адзначалі дагледжанасць населеных пунктаў, гарадскіх вуліц, тэрыторый арганізацый, узорны парадак ля прыватных сядзіб, уздоўж дарог. Кіраўніцтву раёна чуць такія водгукі было, безумоўна, прыемна.
Госці пабылі таксама на аграсядзібе “Гусароўшчына”, гары “Маяк”, пазнаёміліся з умовамі для адпачынку на базе НП “Дрывяты”.
Пры падвядзенні вынікаў пасяджэння прэзідыума аблсавета яго старшыня Аляксандр Ацясаў падкрэсліў, што Браслаўскі раён сёння можна ставіць у прыклад іншым па міжнародным супрацоўніцтве. І хоць яшчэ не так шмат прыцягнута інвестыцый, але ініцыятыўнасць мясцовай улады дае надзею, што будуць новыя кантакты, праекты, з’явяцца новыя партнёры.
Фінальным жа акордам пасяджэння стала прагулка на цеплаходзе па возеры Дрывяты, якая ў кожнага пакінула незабыўныя ўражанні.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.