На сцэне россып юных зорачак

Актуальное

IMG_3388 (Small)Прыемна назіраць за тым, як маленькая адораная зорачка паступова расце, развіваецца і становіцца сапраўдным талентам. Традыцыйна напрыканцы вучэбнага года такія зорачкі сабраліся ў адзінае “Сузор’е талентаў Браслаўшчыны 2013”. Дзеці ў навучальным годзе абаранялі гонар раёна ў вобласці і рэспубліцы на прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах і творчых конкурсах. І зараз настаў іх зорны час – падняцца на вяршыню і атрымаць адпаведную ўзнагароду.
Па традыцыі, такое мерапрыемства наведваюць і госці. На гэты раз у іх ліку былі старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў, яго намеснік Іна Лысенка, начальнікі аддзела адукацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму Іван Абаровіч і Яўген Лабуць. А ў зале за прызёраў, як заўсёды, хваляваліся іх педагогі і бацькі.
У сваім прывітальным слове Сяргей Шматаў падзякаваў пераможцам за іх дасягненні і адзначыў: “ У раёне для рэалізацыі талентаў дзяцей праводзіцца шмат конкурсаў і мерапрыемстваў, у школах ствараюцца неабходныя ўмовы. Існуюць спецыяльныя ўзнагароды, сярод якіх і прэмія старшыні райвыканкама. Таму таленавітае дзіця – гонар усяго раёна, які патрабуе беражлівых адносін. Невыпадкова, што “Сузор’е талентаў” праводзіцца напярэдадні Дня абароны дзяцей, і гэта не столькі падвядзенне вынікаў, колькі шлях у будучыню, якая будзе насычана новымі і новымі перамогамі.”
Асаблівыя словы ўдзячнасці ад старшыні райвыканкама былі адрасаваны настаўнікам, чый прафесіяналізм дапамагае дзецям рухацца наперад, і бацькам за дастойнае выхаванне маладога пакалення. У гэты святочны дзень за свае заслугі падзячныя лісты атрымалі настаўнікі тэхнічнай працы Казянскай школы Аляксандр Лапеха і СШ №1 Аляксандр Пятроўскі, настаўніца абслугоўваючай працы Ахрэмаўскай школы Вольга Лысёнак, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Людміла Хілько і бібліятэкар СШ №2 Таццяна Сямёнычава.
Не абмінулі ўвагай і бацькоў. За асабісты ўклад у развіццё лыжнага спорту і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна быў узнагароджаны Юрый Шакель.
Набыццё ведаў – адна з самых складаных задач, з якімі чалавек можа сутыкнуцца. Таму ўшанаванне лепшых пачалі з намінацыі “Да вяршынь Алімпа”. У навучальным годзе ўдзел у раённых алімпіядах прынялі каля 300 вучняў, 123 з якіх сталі прызёрамі. Годна выступіла на абласным узроўні каманда раёна з 16 чалавек, паўдзельнічалі і ў рэспубліканскіх алімпіядах. А лепшыя ў гэтай намінацыі (гэта 4 прызёры абласных алімпіяд) атрымалі граматы падчас урачыстасці.
Самай шматлікай стала намінацыя “Натхненне творчасцю”. На сцэну падняліся больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта сведчыць пра тое, што Браслаўшчына багатая на творчых дзяцей. І нараўне з вучнямі гарадскіх школ значных поспехаў дабіліся і вясковыя школьнікі. У гэтым навучальным годзе дыпломамі і граматамі рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў узнагароджаны 78 вучняў.
Дзяўчаты і хлопцы, якія прынеслі спартыўную славу раёну, былі адзначаны ў намінацыі “Хутчэй, вышэй, мацней”. Напрыклад, каманда гімназіі ў гэтым годзе стала пяцікратным прызёрам абласной спартакіяды па баскетболе. Упэўненымі крокамі да перамогі ідзе і сямікласнік гімназіі Дзмітрый Мацкевіч, які ў абласной спартакіядзе па шахматах заняў другое месца.
Браслаўшчына можа ганарыцца спартыўнымі і творчымі перамогамі, вучэбнымі дасягненнямі сваіх юных зорачак, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш. Напрыканцы ўрачыстасці для пераможцаў і гасцей прыемным падарункам стаў канцэрт, у якім удзел прынялі самі намінанты.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *