Курс на энергазберагальныя тэхналогіі

Актуальное

DSC06815 (Small)Важнасць актыўнага ўкаранення і выкарыстання новых і аднаўляльных крыніц энергіі шырока прызнана ў многіх краінах свету. Гэта дазваляе паменшыць нагрузку на навакольнае асяроддзе і захаваць экасістэму Зямлі для будучых пакаленняў.
Не застаецца ў баку ад вырашэння гэтай праблемы і Беларусь. У нашай краіне ўжо не першы год распрацоўваюцца праекты па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі і ўкараняюцца больш эканамічныя тэхналогіі.
Так, цэнтр экалагічных рашэнняў г. Мінска, задача якога развіццё міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай зберажэння навакольнага асяроддзя, сумесна са шведскай кампаніяй Skåne energy agency распрацавалі праект «Энергазберагальныя тэхналогіі і аднаўляльныя крыніцы энергіі».
Удзельнічаць у гэтым праекце міжнародная камісія абрала толькі тры беларускія гарады, якія пастаянна працуюць над рашэннем пытанняў па энергазберажэнні. Гэтымі шчасліўцамі сталі Мар’іна Горка, Шчучын і, што вельмі прыемна, Браслаў.
Дзякуючы выйгранаму гранту, рабочая група Браслаўскага раёна ў складзе начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Івана Белуся, галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталлі Спірыдонавай і дырэктара ДП «Браслаў-камунальнік» Ігара Брынкевіча наведала Данію і Швецыю. Асноўная мэта паездкі — знаёмства з экалагічна чыстымі тэхналогіямі і аднаўляльнымі крыніцамі энергіі.
Трэба адзначыць, што Данія і Швецыя маюць невялікі аб’ём эканамічнай дзейнасці, і ў той жа час з’яўляюцца ініцыятарамі шматлікіх інавацый у дадзеным накірунку. Данія наогул займае лідзіруючае месца ў свеце па ўкараненні многіх відаў энергазберагальных тэхналогій.
Таму прадстаўнікам з нашага раёна было чаму павучыцца, і работа па праекце будзе працягвацца.
Наступная задача — скласці энергетычнае планаванне для свайго горада да 2020г. Па заканчэнні гэтага праекта ў горадзе будзе ўстаноўлена пляцоўка з адным з відаў аднаўляльнай крыніцы энергіі.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *