Карысна, весела, актыўна

Актуальное

IMG_6529 (Small)Лета – самая доўгачаканая пара для школьнікаў. За тры месяцы магчыма паправіць сваё здароўе, выдатна адпачыць і набрацца сіл перад новым навучальным годам. А дзе ж гэта можна зрабіць лепш, як не ў аздараўленчым прышкольным лагеры. Дарэчы, на працягу лета яны працуюць у кожнай установе адукацыі, а ў некаторых паспяваюць аздаравіць некалькі груп дзяцей. Толькі ў чэрвені ў школах раёна арганізавана 16 аздараўленчых, 2 – працы і адпачынку і 9 палатачных лагераў.
Каб даведацца, як наладжаны летні адпачынак, я завітала ў госці да школьнікаў у апошнія дзянькі працы аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем “Полымя”. Арганізаваны ён пры Плюскай школе разам з пагранічнай заставай “Плюсы”. Цесныя сувязі звязваюць школу і пагранічнікаў даўно, таму і сумесны лагер тут працуе ўжо некалькі гадоў запар, а дзеці заўсёды з задавальненнем сюды прыходзяць. І тэматыка яго выбрана невыпадкова – ваенна-патрыятычная.
Свае дзверы для 15 дзяцей 1―7 класаў ён адчыніў 5 чэрвеня, і вось праз 20 дзён, 25 чэрвеня, адбылося развітальнае мерапрыемства “Вогнішча сяброўства”.
Аздараўленне тут вялося актыўна, карысна і весела. У тым і ўся цікавасць ваенна-патрыятычнага лагера, што не толькі выхавальнікі працуюць з дзецьмі, але і пагранічнікі. Малым жа цікава паслухаць пра службу на мяжы, пагранічныя гісторыі і выпадкі затрымання парушальнікаў дзяржаўнага спакою. А нядаўна школьнікі змаглі і самі ўявіць сябе пагранічнікамі, наведаўшы падчас экскурсіі пагранічную заставу “Плюсы”.
Кожны дзень з 8 да 16 гадзін дзецям некалі было сумаваць, бо іх адпачынак быў насычаны падзеямі. Таму што лагер меў пэўную ваенна-патрыятычную накіраванасць, выхавальнікі ладзілі экскурсіі па знакамітых мясцінах Плюсаў і раёна, прыбіралі помнік загінуўшым воінам, ладзілі гульню “Зарніца”. А 22 чэрвеня ўсе мерапрыемствы былі прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Дзеці за гэтыя дні адпачынку наведалі таксама выратавальную станцыю ў Браславе, пажарную часць, установы агр. Плюсы. Віктарыны, гульні, вандроўкі – усё для таго, каб у школьнікаў быў рознабаковы летні адпачынак і засталося шмат уражанняў. У адзін з дзён яны сваімі рукамі майстравалі паветраных і калідорных змеяў, а потым ладзілі перад школай паказ гатовых мадэлей. А пра свой адпачынак рабілі фотарэпартажы і тут жа размяшчалі іх у школьнай газеце.
Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзіліся ў лагеры, а бацькі рады былі таму, што іх малыя не сядзяць без справы. Дарэчы, у лагеры шмат дзяцей з ненадзейных, малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў. Выдатна наладжаная работа лагера, добрае харчаванне і ветлівыя выхавальнікі, што ж яшчэ неабходна, каб як трэба адпачыць і набрацца новых сіл і ўражанняў. Таму і ўсе дзеці як адзін адказвалі, што вельмі задаволены адпачынкам у лагеры “Полымя”.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *