DSC07008

І адпачылі, і веды набылі

Общество

DSC07008Вось і расчыніла доўгачаканае лета дзверы ў сваё маляўнічае цудоўнае царства, каб у час бесклапотных канікулаў падарыць дзецям радасць і весялосць. Безумоўна, можна бязмэтава бавіць час, адпачываючы на беразе возера. Але ўсё ж такі лепш адправіцца ў аздараўленчы лагер, дзе і гульні, і свежае паветра, і цікавыя сустрэчы, і якаснае харчаванне, а інтэлектуалы маюць магчымасць яшчэ і свае веды папоўніць.
На працягу 9 дзён за кошт рэспубліканскага бюджэту вучні 7-10 класаў з розных школ нашага раёна адпачывалі ў кругласутачным палатачным лагеры «Школа юнага географа», які дзейнічаў на базе былой Баравіцкай школы. Лагер профільны — для тых, хто цікавіцца геаграфіяй і будзе прадстаўляць свае школы на другім раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды. Таму мэта летніка: паглыбіць веды школьнікаў у геаграфіі, пазнаёміць з рэальнай гаспадаркай раёна, і, канечне, добра адпачыць, прыемна правесці час.
Раніцай школьнікі на веласіпедах, якія ім прадаставіў аддзел спорту і турызму, дабіраліся да гімназіі, дзе да абеду слухалі лекцыі, вывучалі карты, займаліся на практычных занятках. У другой палове дня дзеці вандравалі па раёне і зведалі нямала прыемных прыгод. Самай яркай і запамінальнай падзеяй была прыгодніцкая вандроўка з Каленкішак у Ахрэмаўцы. Тут юных географаў сустрэлі глухія сцяжынкі, нечаканыя пераправы, з цікаўнасцю яны назіралі за здабычай торфу.
Школьнікі наведалі і пазнаёміліся з працай асноўных прадпрыемстваў раёна —хлебазавода, «ВІЦ г.Браслаў», торфазавода, і выказваюць шчырае дзякуй кіраўнікам за ўважлівыя і добразычлівыя адносіны да цікаўных экскурсантаў. Абавязковым элементам былі вясёлыя турыстычныя спаборніцтвы. Не забудуцца прыемныя вечары з духмянай кашай, якую самі рыхтавалі на вогнішчы.
Паколькі летнік сабраў людзей блізкіх па духу і па інтарэсах, дзеці адразу пасябравалі і не ўяўлялі, як правесці час адзін без аднаго. З’явіліся і планы на будучыню. Вырашылі разам прыняць удзел у пілігрымцы на Будслаў, і калі атрымаецца, той жа кампаніяй адправіцца ў сапраўдную экспедыцыю па Дубраўскіх лясах.
Усе адзначылі шчырую працу начальніка лагера Валянціны Жылевіч, якая паспявала ва ўсім: і пакарміць, і арганізаваць экскурсіі, і падрыхтаваць заданні для конкурсаў і навучальных алімпіяд. Ёй аказвалі пасільную дапамогу выхавацелі Віктар Бунта, Святлана Цікнюс, Вікторыя Канчалоўская, Таццяна Яновіч.
У апошні вечар ля вогнішча дзеці распавядалі кіраўнікам, што ім спадабалася і запомнілася, выказвалі прапановы, як зрабіць лагер у наступным годзе лепшым і цікавейшым.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.