IMG_0686 (Small)

Эканаміст з багатым вопытам

Актуальное

IMG_0686 (Small)Заўтра сваё прафесійнае свята будуць адзначаць людзі, занятыя ў сферы эканомікі. Сярод іх абаяльная і цікавая жанчына з багатым 33-гадовым стажам Надзея Шаткоўская (на здымку), галоўны спецыяліст аддзела эканомікі райвыканкама.
Надзея Сяргееўна ― чалавек сціплы, хваліцца сваімі працоўнымі поспехамі не любіць. Галоўнае для яе, адказна і добрасумленна выконваць работу. А яе шмат. Лічбы, планы, аналіз, статыстыка на працягу ўсёй прафесійнай кар’еры акружалі яе. Цяжка ўявіць сабе, як магчыма ўсё гэта запомніць. А ў Надзеі Сяргееўны атрымліваецца выдатна.
Родам жанчына з Браслава. Усё жыццё пражыла тут і рада, што працуе на карысць родных мясцін. З эканомікай жа лёс звёў яе выпадкова, але на ўсё жыццё. Спрабавала паступіць на тэхнолага, але вельмі папулярная ў той час прафесія не пакарылася маладой дзяўчыне. Надзеі ж добра давалася матэматыка. Прыслухаўшыся да бацькоў, сябе, прыняла важнае і, галоўнае, правільнае рашэнне ў жыцці. Так яна стала студэнткай Смаленскага філіяла Маскоўскага фінансавага тэхнікума.
Калі вярнулася на Браслаўшчыну, маладога спецыяліста запрасілі на працу ў Белдзяржстрах. Тады аднойчы і назаўсёды зразумела, што не памылілася, абраўшы сабе работу, якая стане любімай на ўсё жыццё. У гэтай арганізацыі Н. Шаткоўская адпрацавала 17 гадоў, прайшла шлях ад інспектара да намесніка дырэктара. І лічылася адным з лепшых работнікаў, пра што сведчаць шматлікія граматы і дыпломы ўсесаюзнага значэння. Адначасова скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Лёс жа павярнуў інакш, і з гэтай арганізацыі давялося пайсці. Далей была праца эканамістам у ЖКГ, аддзеле культуры, падатковай інспекцыі.
А тры гады таму назад Надзею Сяргееўну запрасілі на працу ў райвыканкам, на пасаду галоўнага спецыяліста па кіраванні і распараджэнні ўласнасцю Браслаўскага раёна. Гэты накірунак ― адзін з самых складаных у аддзеле эканомікі. У абавязкі жанчыны ўваходзіць кантроль за распараджэннем дзяржаўнай маёмасцю, выкарыстоўваннем яе па прызначэнні, вядзенне рэестра маёмасці і іншыя справы. Участак адказны, таму менавіта яго даверылі такому выдатнаму спецыялісту з багатым вопытам. Надзея Сяргееўна ж прызнаецца, што хоць спецыфіка ў розных арганізацыях была розная, нічога не змянілася. Як і раней, у сваёй рабоце яна стараецца працаваць адказна, добрасумленна, а інакш не ўяўляе свайго жыцця. Дапамагае і падтрымлівае ва ўсім зладжаны калектыў, а кіраўніцтва характарызуе Надзею Сяргееўну як кампетэнтнага, адказнага, прафесійнага супрацоўніка.
― Самым галоўным дасягненнем у жыцці жанчына лічу тое, што ў мяне ёсць любімая сям’я і добрая работа, — дзеліцца Надзея Сяргееўна, — эканамічная справа, якой я прысвяціла ўсё сваё жыццё, і мне вельмі пашанцавала, што са мной працуюць шчырыялюдзі.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.