IMG_4335 (Small)

Арганізацыя ініцыятыўных і смелых

Актуальное

IMG_4335 (Small)Дзень моладзі — нацыянальнае свята юнацтва, нястомнай энергіі і аптымізму. Поспехі моладзі сёння — гэта стабільнасць і працвітанне раёна заўтра. Напярэдадні гэтага свята карэспандэнт райгазеты Алена Пятушка папрасіла першага сакратара райкама ГА БРСМ Марыю Сяліцкую расказаць чытачам пра дзейнасць і перспектывы развіцця раённай маладзёжнай арганізацыі.
— Марыя Уладзіміраўна, што сёння ўяўляе з сябе раённая арганізацыя БРСМ?
— У ёй налічваецца 1109 членаў. Гэта калектыў аднадумцаў, які адрозніваецца асаблівым мікракліматам павагі, творчасці і ўзаемаразумення, беражлівымі адносінамі да традыцый грамадскага аб’яднання.
— Якія мэты і задачы ставіце перад сабой?
— Мы імкнёмся да стварэння спрыяльных умоў для ўсебаковага развіцця моладзі, выхавання яе на патрыятычных і маральных каштоўнасцях беларускага народа. Мы павінны ствараць умовы для інтэлектуальнага, духоўнага, фізічнага станаўлення адукаванай, творчай асобы з лепшымі якасцямі чалавека, грамадзяніна, працаўніка і сем’яніна.
— Назавіце асноўныя накірункі вашай дзейнасці?
— Важнейшымі напрамкамі ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на сучасным этапе з’яўляецца фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму. Таму з энтузіязмам удзельнічаем у грамадскім жыцці краіны, вялікі клопат праяўляем пра ветэранаў вайны. Рэгулярна праводзім акцыі «Дзякуй за жыццё», «Дзякуй за Перамогу», «Кветней, Беларусь!», «За Беларусь!». Штогод члены пярвічных арганізацый БРСМ даглядаюць воінскія пахаванні, абяліскі баявой і воінскай славы, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна.
Раённая арганізацыя БРСМ цесна супрацоўнічае з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама, што дае магчымасць праводзіць шматлікія спартыўныя спаборніцтвы на прызы БРСМ. Актыўна ўдзельнічае моладзь у традыцыйнай ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”.
На базе гімназіі створаны валанцёрскі атрад “Добрае сэрца”, які праводзіць акцыі для сацыяльна неабароненых дзяцей. Так, дзякуючы намаганням актывістаў БРСМ, дзеці сацыяльнага прытулку атрымалі падарункі на Новы год. А яшчэ валанцёры з’яўляюцца частымі гасцямі адзялення кругласутачнага знаходжання для састарэлых ў Барунах, дзе ладзяць цікавыя канцэрты.
Праводзім мерапрыемствы разам з супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі, што дае магчымасць праверыць і замацаваць веды па правілах дарожнага руху, бо гэта прафілактыка ДТЗ.
Дзеля працоўнай занятасці непаўналетніх ў летні перыяд заключана 12 дагавораў з малочна-таварнымі фермамі і 1 — з зернетокам.
Вялікая ўвага надаецца прафілактыцы шкодных звычак сярод моладзі. Таксама юнакі і дзяўчаты БРСМ, маюць магчымасць праявіць свой творчы патэнцыял, інтэлектуальныя здольнасці ў розных культурна-масавых мерапрыемствах.
— Якімі бачыце далейшыя перспектывы развіцця раённай арганізацыі?
— Немагчыма пералічыць усе справы і дасягненні нашай моладзі, як і перспектывы, якія адкрываюцца перад імі, дзякуючы пастаяннаму клопату дзяржавы. Мы паступова развіваемся, штогод павялічваецца колькасць членаў арганізацыі, створана суполка ў кантакце. Там можна знайсці інфармацыю пра дзейнасць райкама БРСМ, а таксама пра мерапрыемствы і акцыі, якія праводзіць аб’яднанне.
Напярэдадні свята хачу пажадаць усім маладым людзям быць смялейшымі, ініцыятыўнымі, не баяцца раскрываць сябе. Добрага настрою ўсім, аптымізму, кахання і рамантыкі.
— Дзякуй за размову, Марыя Уладзіміраўна, вас таксама са святам!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.