IMG_1983 (Small)

Вясеннія кірмашы ў аграгарадках

Актуальное

Да восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашоў, што праходзяць у Леснічоўцы, ужо прывыклі і гараджане, і вяскоўцы. А вось сёлета раённы Савет дэпутатаў выступіў ініцыятарам правядзення вясенніх кірмашоў у аграгарадках. І не прагадаў. Тавары, якія прапаноўвалі прадаўцы, былі запатрабаваны ў сялян. Стаўку рабілі на неабходны сельгасінвентар, угнаенні, сродкі аховы раслін, насенны матэрыял і, вядома ж, тавары паўсядзённага попыту.
Мне давялося разам са старшынёй райсавета Нінай Пучынскай пабыць на кірмашах у Ахрэмаўцах і Опсе, якія ладзіліся ў мінулую суботу.
У Ахрэмаўцах быў у продажы багаты выбар насеннай бульбы розных гатункаў па цане ад 5150 руб. да 8380 руб. за 1 кг , таксама можна было купіць капусту, цыбулю, моркву, буракі.
Магазін райпа “Будматэрыялы” прапаноўваў пакупнікам шмат патрэбнага пры апрацоўцы агародаў сельгасінвентару, сродкі для барацьбы са шкоднікамі для саду і агарода, спанборд, гумовыя боты і іншыя неабходныя ў быце сельскага жыхара рэчы.
Не засталіся ў баку ад добрай магчымасці прадаць свой тавар хлебазавод, які прывёз як у Ахрэмаўцы, так і ў Опсу, шырокі асартымент хлебабулачных, кандытарскіх вырабаў, якія можна было не толькі набыць да стала, але і пакаштаваць, аб’яднанне грамадскага харчавання, “ВТЦ г. Браслаў” з кансервамі ўласнай вытворчасці.

Старшыням сельвыканкамаў была дадзена магчымасць на такія кірмашы запрасіць і тых, хто б прывёз на продаж патрэбны вяскоўцам тавар. Так, напрыклад, у Ахрэмаўцах працавала індывідуальны прадпрымальнік з Міёр, а таксама ІП, які гандляваў насеннем памідораў, агуркоў, розных кветак і інш.
У Опсу ж па просьбе старшыні сельвыканкама А. Данілінай прыехалі гандляваць прадукцыяй каўбаснага цэха СВК “Маяк Браслаўскі” з 10% скідкай. Багатым выбарам харчовых тавараў парадавалі жыхароў гэтага аграгарадка і гандляры з Еўраопта. Чарга да іх стаяла вялікая, але, па словах пакупнікоў, яны былі вельмі задаволены і цэнамі, і тымі прадуктамі, што змаглі купіць.
Можна было ў гэты дзень у Опсе набыць плёнку для цяпліц і парнікоў, якой гандляваў індывідуальны прадпрымальнік.
І які ж, скажам, кірмаш без добрых песень і жартаў. У Ахрэмаўцах работнікі цэнтра нацыянальнай культуры падрыхтавалі для вяскоўцаў цудоўную забаўляльную праграму. Гучалі вясёлыя песні ў выкананні Леаніда Лаўрыновіча, Алёны Карпацій, разыгрываліся прызы, цудоўнымі гумарэскамі падбадзёрвалі пакупнікоў Валянціна Кука і Ванда Сіротка. Усё гэта надавала кірмашу сапраўды святочны настрой, нават нягледзячы на капрызнае вясенняе надвор’е.
А ў Опсе канцэрт у гэты дзень адбыўся ў цэнтры адпачынку і культуры. Падрыхтавалі яго самадзейныя артысты аграгарадка і Вайнюнскага СДК.
Хочацца яшчэ адзначыць, што гэтай вясной у вяскоўцаў не было праблем, каб купіць маладых курэй, а таксама парасят. На пакупку апошніх загадзя складаліся спісы, і работнікі свінагадоўчага комплексу СВК “Маяк Браслаўскі” па графіку ў азначаныя дні выканалі ўсе заказы.
Словам, той, хто жыве на вёсцы і не ўяўляе свайго існавання без падсобнай гаспадаркі мелі сёлета добрую магчымасць купіць тое, што патрэбна, не едучы ў райцэнтр.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.