IMG_3528 (Small)

Свята душы і сэрца

Актуальное

IMG_3528 (Small)У мінулую нядзелю Браслаўшчыну наведаў паважаны госць — архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі Феадосій, каб павіншаваць веруючых са светлым Вялікаднём Хрыстовым і правесці святочную літургію. Пад прыгожыя ўзнёслыя спевы і словы малітваў у Свята-Успенскай царкве прайшла служба, падчас якой прыхаджане змаглі задумацца пра вечнае і высокае. З павагай і пакорлівасцю слухалі вернікі пропаведзь архіепіскапа Феадосія, які казаў пра ўзвышанае і зямное, прычым нагадаў, што мы павінны выконваць запаведзі Божыя.
Пасля літургіі ў зале раённага Дома культуры праходзіла традыцыйная велікодная сустрэча Уладыкі з жыхарамі нашага раёна. У файе шаноўны госць азнаёміўся з цудоўнай выставай творчых работ навучэнцаў ЦДМ па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Архіепіскап Феадосій павітаў усіх прысутных і адзначыў, што Вялікдзень — гэта свята чалавечага сэрца і душы, дзень радасці. Усё зямное часовае пройдзе, а вось Вялікдзень у прыродзе, у сэрцы, у душы чалавека застанецца навечна. Уладыка ўзгадаў, што вытокі гэтай радасці — ласка жыватворнага агню. У канцы выступлення прагучала трохразовае: «Хрыстос уваскрэс!» І адзіным сэрцам і адзінымі вуснамі зал адказаў:»Сапраўды ўваскрэс!»
Са словамі ўдзячнасці ў адрас Уладыкі ад усіх браслаўчан выступіў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён адзначыў, што жыхары раёна рады прымаць на сваёй зямлі і чуць мудрае слова ад аднаго з самых паважаных людзей, духоўнага настаўніка, які ўзначальвае самую старажытную на Беларусі епархію.
Прадаўжэннем мерапрыемства стаў канцэрт. Кожнае выступленне вучняў нядзельнай школы было прасякнута дабрынёй і святлом, вучыла любіць бліжняга, быць міласэрнымі і дзякаваць Богу за кожны пражыты дзень. Парадавалі сваімі песнямі і танцамі выхаванцы ЦДМ і супрацоўнікі Дома культуры.
Як заўсёды, сустрэча з архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем прайшла ў атмасферы дабрыні, радасці і спагады.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.