IMG_3249

Славу прымножым справамі

Общество

IMG_3249Святочнае мерапрыемства пад такой назвай прайшло 17 мая ў Браслаўскай гімназіі. Па традыцыі яно было прымеркавана да дня нараджэння ўстановы, якая сёлета адзначыла сваё васемнаццацігоддзе.
Падчас свята традыцыйна падводзяцца вынікі работы гімназіі за навучальны год. Вось і сёлета ўсе дасягненні ўстановы, яе навучэнцаў і педагагічнага калектыву былі абагульнены і агучаны шырокай аўдыторыі. Толькі іх пералік заняў у вядучых больш за 10 хвілін.
Галоўнымі ж героямі мерапрыемства былі, безумоўна, вучні. У намінацыях “Разумнікі і разумніцы”, “Юныя даследчыкі”, “Алімпійскія надзеі”, “Творчасць маладых”, “Актыўная жыццёвая пазіцыя” і “Знатакі” былі ўзнагароджаны больш за 120 хлопцаў і дзяўчат. На сцэну выйшлі лепшыя прадстаўнікі кожнага класа. А дырэктар гімназіі Людміла Каптур развеяла галоўную інтрыгу вечара – назвала імя вучня года. Сярод навучэнцаў 5-8-х класаў ім стаў Максім Мацкевіч, а лепшым са старшакласнікаў быў абраны Антон Кук’ян. Абодва адзначыліся паспяховымі выступленнямі ў прадметных алімпіядах і ў чарговы раз праславілі сваю навучальную ўстанову на ўзроўні вобласці і рэспублікі.
Урачыстыя моманты ўзнагароджвання змяняліся творчымі падарункамі ад вучняў гімназіі і іх педагогаў. Прычым апошнія, мне падалося, сваім выступленнем выклікалі сапраўдны фурор.
Адным словам, гімназія ў год свайго паўналецця атрымала шмат цёплых слоў і падарункаў. Але галоўнымі сярод апошніх былі і застаюцца высокія дасягненні людзей, душой і сэрцам аддадзеных сваёй альма-матэр.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.