Шчасце, калі ўсе разам

Актуальное

Падчас раённага конкурсу “Лепшая шматдзетная сям’я” звярнула ўвагу на маладую сям’ю Кужэль з Відзаў-Лаўчынскіх. Дружныя і вясёлыя, яны літаральна заваражылі зал, падарылі прысутным шмат вясёлых момантаў і пакарылі сваім талентам, непаўторнасцю, шчырасцю і пазітыўнасцю. Каб разгадаць сакрэт такога сямейнага шчасця, я і накіравалася да іх.
Дом сям’і Кужэль адшукаць было не складана. Яшчэ толькі вясна ўсталявалася, а наўкол ўсё прыбрана, пасаджаны агароды, нарыхтавана дроў на будучую зіму. Заўважаеш адразу, што тут жывуць руплівыя людзі.
На парозе мяне сустрэлі гаспадары Уладзімір і Таццяна, у іх сям’і чацвёра дзяцей. На жаль, дома ў гэты час былі не ўсе, толькі самы старэйшы 18-гадовы Аляксандр і маленькая Надзейка, якой толькі нядаўна споўнілася два гады. Сярэднія Мікіта і Станіслаў гэтай парой былі ў школе.
Гісторыя кахання Уладзіміра і Таццяны пачалася са школьнай лаўкі. Пазнаёміліся, калі яшчэ вучыліся ў школе, а потым зразумелі, што кахаюць адзін аднаго, і ажаніліся. Хутка нарадзіўся і першы сынок Аляксандр. Пра тое, што іх сям’я будзе шматдзетная, не загадвалі і нават уявіць сабе не маглі.
– З Уладзімірам вырашылі, што колькі Бог дасць дзетак, столькі і добра. Мы ўсіх зможам выгадаваць і паставіць на ногі, – расказвае гаспадыня Таццяна. – Так і з’явіліся на свет адзін за адным тры сыны, а два гады таму назад і доўгачаканая дачушка. Невыпадкова і імя ёй далі – Надзея.
— Зараз у нашай сям’і весела і дружна, — працягвае тата Уладзімір. – Днём у кожнага свае справы, а па вечарах дом напаўняецца дзіцячым смехам. Усе справы мы стараемся робіць толькі разам, дзяцей з дзяцінства прывучаем да працы, стараемся развіваць іх усебакова, вучым таму, што ўмеем самі.
І сапраўды, у кожнага ў сям’і свае захапленні. Таццяна – умелая рукадзельніца. Шые, вышывае, вяжа, і часта радуе сям’ю смачнымі стравамі і выпечкай. Уладзімір умее рабіць па гаспадарцы амаль усё. Старэнькі дом, які дастаўся яму ад бабулі, ён сам поўнасцю адрамантаваў, любіць займацца разьбой па дрэве, а як выпадае вольная хвілінка, разам з сынамі адпраўляецца на рыбалку. Таму не дзіўна, што ў такіх умелых бацькоў растуць і таленавітыя дзеці.
Усе хлопцы іграюць на музычных інструментах. Старэйшы Аляксандр зараз вучыцца ў Пастаўскім тэхналагічным каледжы. Перавагу ён аддае музыцы, якую сам піша, сярод іншых захапленняў камп’ютары, радыётэхніка, сам можа адрамантаваць многія прыборы. Мікіта і Станіслаў, якія нарадзіліся ў адзін дзень, толькі з розніцай у два гады, наведваюць музычную школу, выдатна вучацца. Стас, як круглы выдатнік, у мінулым снежні нават трапіў на губернатарскую ёлку. Нават маленькая Надзя праяўляе свае таленты і вельмі любіць маляваць. Невыпадкова, што ў конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я” яны перамаглі ў намінацыі “Нашы ручкі залатыя”.
У сям’і Кужэль яшчэ і буйная гаспадарка, у якой карова, свінні, трусы. Летам яны дружна працуюць на полі, не забываюцца і пра адпачынак, і ўсе святы адзначаюць весела і шумна. Нават пляцоўку недалёка ад дома, якая зарасла хмызняком, прыбралі, пасадзілі сосны. А зараз плануюць зрабіць там дзіцячую пляцоўку для ўсіх малых, бо ў вёсцы такой няма. І ўсё яны паспяваюць, усё ў іх атрымліваецца.
Які ж ваш сакрэт сямейнага шчасця, пытаюся я. Уладзімір і Таццяна, усміхнуўшыся, у адзін голас адказваюць: “Шчасце, калі многа дзяцей і разам уся сям’я”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *