Парад юных талентаў

Власть и общество

Развіваць маладыя дараванні важна і неабходна. Як вялікае дрэва вырастае з невялічкага зерня, так і будучы талент павінен развівацца з самага маленькага ўзросту. У многім гэтаму садзейнічаюць розныя раённыя творчыя конкурсы, на якіх дзеці могуць заявіць пра сябе і свае здольнасці.
Адзін з самых вядомых і папулярных нядаўна ў трэці раз адбыўся на базе гімназіі. Гутарка ідзе пра раённы этап рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”, які стаў сапраўднай справаздачай школ па фарміраванні творчых здольнасцей дзяцей.
Педагогі ўстаноў адукацыі раёна цэлы год шукаюць і развіваюць новыя таленты, рыхтуюцца спачатку да занальных аглядаў, дзе выбіраюць самыя лепшыя вакальныя, харэаграфічныя і тэатральныя нумары, а потым да выніковага гала-канцэрта.
У гэтым годзе ўдзел у ім прынялі 365 дзяцей з 22 устаноў адукацыі. Такая вялікая колькасць удзельнікаў, безумоўна, заінтрыгавала – гэта ж колькі талентаў падрастае. І мерапрыемства сапраўды атрымалася відовішчным і рознабаковым.
Не сакрэт, што Браслаўшчына славіцца сваімі вакалістамі, якія прывозяць з розных конкурсаў дыпломы і прызы. Таму, самай шматлікай стала намінацыя “Вакальная творчасць”. На сцэне змянялі адзін аднаго вакалісты 6-9, 10-13 і 14-18 гадоў. Яны радавалі журы вясёлымі і лірычнымі кампазіцыямі, здзіўлялі выдатна пастаўленымі нумарамі. Прыемна было бачыць, што дзеці з сельскіх школ выхадзілі на сцэну падрыхтаванымі не горш за тых, хто наведвае вакальныя гурткі ў горадзе. Кожнае выступленне было па-свойму адметным, пераможцамі ж сталі Сабіна Шчэціна (6-9 гадоў) з Відзаўскай школы, Ганна Бяляўская (10-13) і Надзея Шыдлоўская (14-18), якія займаюцца з педагогамі ЦДМ.
Дарэчы, усе тры дзяўчынкі не раз станавіліся пераможніцамі розных раённых песенных конкурсаў, а зараз папоўнілі сваю скарбонку перамог яшчэ адной.
На сцэне салістаў змянілі вакальныя групы. Выбраць лепшую ў гэтай намінацыі было амаль немагчыма, таму журы адзначыла адразу тры – з СШ№1, ЦДМ і Ахрэмаўскай школы. Апошнія хоць і прымалі ўдзел у першы раз, але былі адзначаны асабліва, журы ж падкрэсліла, што ў гэтай вакальнай групы вялікае будучае.
Выдатна падрыхтаваліся і ўдзельнікі намінацыі “Харэаграфічная творчасць”. Яны прадэманстравалі сучасныя і старажытныя танцы, парадавалі гледачоў незвычайным падыходам. І бясспрэчным лідарам аказаўся харэаграфічны калектыў гімназіі з народным танцам “Мітусь”.
У намінацыі “Мастацкае слова” ўсім гледачам запомнілася Паліна Білевіч з Кансталінскай школы ў вобразе вароны. Дарэчы, дзяўчынка другі год удзельнічае ў конкурсе і ўжо неаднойчы станавілася яго пераможніцай.
Нельга не адзначыць і тэатр моды Відзы-Лаўчынскай школы, і юных канферанс’е з ЦДМ. Увогуле, усе ўдзельнікі трымаліся дастойна. Безумоўна, такіх вынікаў не было б без сіл і намаганняў педагогаў, якія старанна падбіралі аправу да кожнага маленькага талента.Толькі ў таленавітых педагогаў такія таленавітыя вучні.
Пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі.Увогуле, выступленні ўсіх дзяцей былі яркімі, таленавітымі і незвычайнымі, а таму не маглі не крануць сэрцы гледачоў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *