IMG_2799

Не згасне гэты дзень у памяці народа

Общество

Больш за дзесяць гадоў запар мне даводзіцца асвятляць на старонках газеты правядзенне ў горадзе самага светлага і шануемага нашым народам свята — Дня Перамогі. За гэты час склалася пэўная канва яго сцэнарыя, у які час ад часу ўносяцца даволі цікавыя карэктывы. Прыемны сюрпрыз чакаў браслаўчан і сёлета.
Пачыналіся ж святочныя ўрачыстасці ля РДК, дзе па традыцыі сустракалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, павязвалі ім Георгіеўскія стужкі, уручалі кветкі. Тут яны віталіся адзін з адным, цікавіліся здароўем, іх віншавалі прадстаўнікі грамадскасці, устаноў і арганізацый горада, знаёмыя, сябры.
Праўда, гэты ўрачысты рытуал навейваў і пэўны смутак. Памятаю, колькі іх, баявых салдат Перамогі, з ордэнамі і медалямі на грудзях прыходзілі сюды на сваё вялікае свята яшчэ 7-10 гадоў таму назад. Гучалі жарты, успаміны пра вясёлыя эпізоды, а былі і такія, у іх баявой маладосці. Але жыццё бярэ сваё. Вельмі моцна парадзелі рады ветэранаў. Ды і гады ваеннага ліхалецця не прыбаўляюць здароўя, таму не усе здолелі прыйсці. Глядзеў на гэты малюнак і думаў, чаму чалавецтва не прыдумала сродкаў, каб спыніць старэнне, бо гэтыя людзі павінны яшчэ шмат гадоў расказваць будучым пакаленням пра тыя жахі, якія прынесла нашаму народу вайна, каб ніколі не вяртаўся фашызм з яго ідэалогіяй чалавеканенавіснасці.
Тым часам ля Дома культуры з вянкамі і кветкамі збіраліся прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада, сілавых структур.
У 11 гадзін ветэранаў запрасілі заняць спецыяльна выдзеленыя ім месцы на галоўнай плошчы горада. Да іх выйшлі старшыні райвыканкама і райсавета Сяргей Шматаў і Ніна Пучынская. Абодва шчыра віншавалі асабіста кожнага ўдзельніка вайны, цікавіліся іх праблемамі. Затым пачалося тэатралізаванае прадстаўленне “Украдзенае дзяцінства”. Было яно даволі арыгінальным, цікавым і масавым з мноствам нечаканых хадоў і рэжысёрскіх знаходак. Галоўная ідэя пастаноўкі праглядвалася так: людзі не павінны больш дапусціць тых пакут, якія выпалі на долю дзяцей вайны.
Урачысты мітынг ля помніка воінам, якія загінулі пры вызваленні Браслаўшчыны адкрыла старшыня райсавета Ніна Пучынская. Затым з віншаваннямі да ветэранаў, усіх прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў, начальнік РАУС Вячаслаў Грышчанка, ветэран вайны ганаровы грамадзянін горада Павел Бульскі, атаман Беларускай асобнай казацкай акругі Яўген Расалай, ваеннаслужачы пагранкамендатуры “Опса” Павел Чарапанаў.
У завяршэнне мітынгу усе прысутныя пад гукі салюта ўшанавалі памяць усіх загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны мінутай маўчання. Затым ветэранаў запрасілі на святочны абед з франтавымі 100 грамамі. Удзельнікі ж народнага тэатра парадавалі землякоў спектаклем “Не пакідай мяне”.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.