Куды ідуць вучыцца?

Актуальное

Гарачая пара для выпускнікоў школ пачалася яшчэ ў пачатку навучальнага года. Яны рыхтуюцца не толькі да выпускных баляў і экзаменаў, але і самага, бадай, галоўнага іспыту ў сваім жыцці — цэнтралізаванага тэсціравання, каб потым з атэстатамі сталасці ў кішэнях змагацца за званне студэнта.
Якія сёлета прафесіі найбольш запатрабаваныя і прэстыжныя? Куды збіраюцца паступаць выпускнікі? На гэтыя пытанні карэспандэнту раённай газеты Алене Пятушка адказваюць браслаўскія школьнікі.
Вікторыя Клепікава,
выпускніца СШ № 1:
— Мяне заўсёды цікавілі інжынерныя спецыяльнасці, добра ведаю чарчэнне і матэматыку. Па прапанове бацькоў вырашыла паступіць у Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць геадэзіста. На гэтым планую не спыняцца, а атрымаць і яшчэ адну спецыяльнасць.
Дар’я Еўдакімава,
вучаніца 9 класа СШ № 1:
— Пакуль буду працягваць сярэднюю школу, бо няма жадання паехаць з хаты і развітацца са сваімі сябрамі. Але з прафесіяй вызначылася. Нягледзячы на тое, што бацькі раюць звязаць лёс з лінгвістыкай, мяне больш цікавіць эканоміка. Таму больш увагі надаю прадметам, па якіх буду здаваць тэсты.
Кірыл Максімаў,
выпускнік СШ № 2:
— Як і мой бацька, сваё жыццё планую звязаць з арміяй і паступіць на ваенны факультэт БНТУ, бо гэта прафесія мужных і адважных. А пасля заканчэння вучобы табе гарантавана работа, жыллё, ды і з кожным чарговым званнем павышаецца зарплата. Пасля пяці гадоў службы ёсць магчымасць перайсці на грамадзянскую спецыяльнасць. Ваенная муштра не палохае, бо маю добрую фізічную падрыхтоўку. Цікаўлюся нямецкай мовай, па якой паглыбляю веды, слухаючы песні нямецкай групы і размаўляючы з сябрам.
Ларыса Кезік,
выпускніца гімназіі:
— Са спецыяльнасцю яшчэ не вызначылася, а вось факультэт хутчэй за ўсё будзе медыцынскі, ці хіміка-біялагічны. Пакуль рыхтуюся да цэнтралізаванага тэсціравання. Зарыентуюся, калі яго вынікі будуць на руках. У якім горадзе буду вучыцца, вялікай ролі не мае, бо галоўным лічу галоўнае атрымаць трывалыя веды, з якімі заўсёды будзе лёгка ўладкавацца на працу.
Аляксандр Навіцкі,
выпускнік гімназіі:
— Усе мае браты і сябры — студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Яшчэ ў 10 класе пачаў задумвацца над сваёй будучай прафесіяй. Планую паступіць у БНТУ на энергетычны факультэт. Балы для паступлення там высокія, таму шмат займаюся і ў школе, і з рэпетытарамі. Лічу, што гэта прафесія перспектыўная, якая дае магчымасць працаваць у вялікім горадзе і мець высокі заробак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *