Краіна сяброўства

Актуальное

У мінулым стагоддзі піянерскі рух займаў вельмі моцныя пазіцыі ў жыцці падрастаючага пакалення і грамадства ў цэлым. Паўнапраўнай пераемніцай савецкай піянерыі стала Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя, якая свята і беражліва захоўвае традыцыі, назапасіла вопыт работы ў новых умовах і даказала, што піянерскія ідэі сур’ёзныя, не згубілі актуальнасці і сёння.
Напярэдадні Дня піянерскай дружбы піянерскія дружыны імкнуцца папоўніць свае рады малодшымі школьнікамі, якія з радасцю і хваляваннем чакаюць гэтага ўрачыстага моманту. Так, сёлета піянерская дружына «Вясёлка» СШ №1 імя А.М. Жданава прыняла ў сваю дружную сям’ю 58 хлопчыкаў і дзяўчынак (на здымку). Але спачатку яны прайшлі школу будучых піянераў, дзе вывучалі законы, статут, традыцыі і сімвалы піянерскай арганізацыі.
З хваляваннем вучні далі клятву-абяцанне любіць сваю Радзіму, быць надзейнай апорай для тых, каму неабходна дапамога, і прыкладам для малодшых. Права першы раз павязаць чырвона-зялёныя гальштукі было дадзена ганаровым піянерам школы Тамары Стома, Таццяне Багдановіч, Алене Панцялейка.
З наказам да юных піянераў звярнулася дырэктар школы Тамара Стома. Яна пажадала хлопчыкам і дзяўчынкам з гонарам насіць піянерскі гальштук, заўсёды быць першымі ў вучобе, спорце, працы, сваімі карыснымі справамі і дасягненнямі праслаўляць родную школу.
Пасля ўрачыстага сходу на працягу дня ў школе праходзілі розныя мерапрыемствы. На першым паверсе вучні малодшых і сярэдніх класаў наладзілі выставу «Мае любімыя цацкі». На перапынках праходзілі вясёлыя і забаўляльныя гульні і спаборніцтвы, дзе вучні школы дэманстравалі свой спрыт і ўменне. Пасля ўрокаў піянерскія атрады сабраліся разам, каб выпрабаваць свае сілы ў гульні «Піянерскі арыенцір». Стаць першым у ёй не надта проста. Каб правільна адказаць на пытанні і выканаць заданні, школьнікі павінны ведаць гісторыю сваёй краіны, законы і сімвалы піянерскай арганізацыі, добра спяваць і маляваць. Але і без фартуны не абысціся. Шчасліўцам выпадаў шанс набраць балы, ўсяго толькі кідаючы кубікі (на здымку). Дзень піянерскай дружбы прайшоў урачыста, весела і цікава.

Алена Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *