IMG_2632 (Small)

Фестываль, якому быць

Актуальное

Ужо на працягу некалькі гадоў у пачатку мая традыцыйна праходзіць фестываль самадзейнай творчасці педагагічных работнікаў “Песня застаецца з чалавекам”, які ладзяць аддзел адукацыі і райкам прафсоюза работнікаў адукацыі і навукі. Сёлета мерапрыемства праходзіла ў шосты раз. Дзверы ж для яго ўдзельнікаў і гледачоў гасцінна расчыніла актавая зала гімназіі.
Некалькі гадзін са сцэны лілася песня і гучалі вершы. Але прысутныя мелі магчымасць не толькі пацешыць свой слых: вакальныя нумары змяняліся танцавальнымі, а час ад часу зала заходзілася смехам ад прагляду гумарыстычных пастановак. Адным словам, фантазіі і таленту выступаючым, як кажуць, было не займаць. У выкананні творчых калектываў устаноў адукацыі раёна і асобных педагогаў прагучалі самыя разнастайныя песні – ад народных і рамансаў да сучасных папулярных. Пабачылі гледачы тэатралізаванае папуры на вядомыя музычныя творы, пародыю на кінакамедыю “Службовы раман” і яе гераіню Людмілу Пракопаўну, а падчас аднаго з гумарыстычных нумароў нават адчулі сабе пасажырамі аўто, якім кіравала маладая дзяўчына.
Прыемна, што кіраўнікі ўстаноў не застаюцца ў баку ад творчых спраў падначаленага калектыву, а з’яўляюцца іх актыўнымі ўдзельнікамі. Сярод “спяваючых і танцуючых дырэктараў” былі заўважаны Васіль Мятла (Друйская школа), Сяргей Алёшын (Відзаўская), Наталля Гаравец (Замошская). Увогуле мужчыны выходзілі на сцэну ні ў якім разе не радзей, а мо і часцей за жанчын, што таксама радуе. Да таго ж трэба дадаць, што добрая палова нумароў была выканана на беларускай мове.
За сваю творчасць, смеласць, уменне знайсці час у шчыльным настаўніцкім графіку і жаданне данесці цудоўнае да іншых людзей усе удзельнікі фестывалю былі ўзнагароджаны граматамі і грашовымі прэміямі. Аднак лепшая ўзнагарода для іх – шчырыя апладысменты і ўдзячнасць гледачоў. І, як заўважыла намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Антаніна Абалевіч, звычайныя педагогі яшчэ раз пацвердзілі свае выдатныя творчыя здольнасці і падарылі гледачам сапраўднае свята душы. Штогод фестываль адкрывае новыя таленты, што, згадзіцеся, многага варта. А таму традыцыя будзе падоўжана, засталося толькі прыдумаць уласную эмблему мерапрыемства, конкурс на якую ўжо аб’яўлены.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.