IMG_3149 (Small)

Дарогі пакрысе рамантуюць

Актуальное

Мабыць, усе, хто так ці інакш карыстаўся сёлетняй вясной нашымі дарогамі, адзначылі для сябе іх дрэнны стан. Месцамі выбоіны можна было прапусціць паміж коламі, недзе – прытармазіць і такім чынам мінімізаваць наступствы для аўтамабіля і ўласнага вестыбулярнага апарата, але сустракаліся ўчасткі, якія інакш, як па абочыне, і не аб’едзеш.

Аднак на працягу апошніх тыдняў браслаўскія дарожнікі крыху выправілі становішча. Так, сіламі ДЭУ-34 ужо пакладзены новы асфальт на ўчастку 2,3 кіламетра на аўтадарозе Р27 ля Опсы. Вядуцца работы па паверхневай апрацоўцы дарожнага палатна на працягу3 кмна трассе Р3 паміж Азяраўцамі і Ахрэмаўцамі. Больш-менш прыведзены ў парадак кавалак асфальту ад Заборных Гумнаў да АЗС, што ля Друйкі.

Што датычыцца гарадскіх вуліц, то за іх стан адказвае ДП “Браслаў-камунальнік”. Як паведаміў начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Іван Бялусь, у хуткім часе новы асфальт з’явіцца на такіх праблемных участках, як вуліца Ленінская каля аўтастанцыі (250 м) і ўезд у горад з боку Полацка ля дома-інтэрната для састарэлых (100м).

Такім чынам, дарогі былі і застаюцца прадметам абмеркавання ў простых грамадзян і кропкай сутыкнення інтарэсаў пэўных службаў. Аднак хочацца спадзявацца, што агульнымі намаганнямі ўдасца палепшыць стан нашых дарог ці як мінімум не пагоршыць яго.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.