Браслаў турыстычны: разважанні на тэму

Актуальное

1355246662_800_573Браслаўшчына – унікальны край, як і яе жыхары. Толькі тут можна чакаць аўтобус, назіраючы за велічнымі хвалямі Дрывят, жыць у вёсцы Яя і ехаць па вуліцы Рыбгаснай. Прыгажосць нашых ландшафтаў, колькасць і чысціня азёр даўно асацыіруюцца з добрым адпачынкам. Мы жывём, не пабаюся гэтага слова, у турыстычнай сталіцы краіны. Мяркуйце самі: базы адпачынку і больш за 170 аграэкасядзіб амаль круглы год гатовыя прымаць гасцей. Па некаторых крыніцах, свае канікулы і водпускі на Браслаўшчыне праводзяць каля 30 тысяч чалавек у год, што параўнальна з агульнай колькасцю насельніцтва раёна.
Адным словам, нас ведаюць далёка за межамі Беларусі. Аднак на такі стан спраў варта паглядзець і з другога боку. Уявіце на хвіліну, што Браслаўскі раён пазбаўлены сваёй галоўнай асаблівасці – азёр. Сказаць,што без іх наш край страціць сваю прывабнасць – значыць, нічога не сказаць. Вось і атрымліваецца, што імідж зоны адпачынку наш раён атрымаў выключна за кошт эксплуатацыі прыродных бонусаў. А што зрабілі мы, каб прыцягнуць турыста?
Праблема ёсць, і пра яе гавораць даўно і на розных узроўнях. Прычым ідэі наконт стварэння турыстычна-забаўляльнай інфраструктуры досыць трывіяльныя. Так, інвестарам у розныя часы прапанавалася будаваць боулінг-клуб, парк атракцыёнаў, санаторыі і базы адпачынку. Ішлі размовы пра стварэнне музея прыроды і шмат чаго яшчэ. Хочацца спадзявацца, што ў будучыні ўсё гэта з’явіцца на Браслаўшчыне і значна павысіць яе турыстычны рэйтынг. Аднак скарыстацца паслугамі аналагічных устаноў большасць нашых гасцей могуць і ў сябе дома.
Між тым Браслаў – горад амаль з тысячагадовай гісторыяй, паселішча, якое мае ці па меншай меры мела свае аўтэнтычныя рысы, што выгадна адрознівае яго ад многіх аналагічных райцэнтраў. У сувязі з гэтым актуальным становіцца пытанне: ці не варта нам падкрэсліць свой заходнебеларускі менталітэт і лад жыцця, які сфарміраваўся пад уздзеяннем многіх культур і мясцовых прыродных умоў; зрабіць Браслаўшчыну сапраўды непаўторнай і цікавай не толькі ў прыродным плане, а каб людзі імкнуліся трапіць да нас і пабачыць нешта ўнікальнае, чаго нідзе больш няма.
Музей прыроды? Добра і цікава, але такія можна стварыць амаль паўсюдна, што мы і назіраем. А чаму б не арганізаваць, скажам, музей рыбалавецкай справы, якая заўсёды была прыярытэтным заняткам мясцовых жыхароў? Тым больш, што многія “экспанаты” з былога рыбнага завода ўсё адно незапатрабаваныя.
Скульптура дзяўчыны ля аўтастанцыі – прыгожа, але не адлюстроўвае сутнасці нашага азёрнага краю. Няхай бы гасцей горада сустракала русалка ці рыбак з вудай, прычым “бронзавы”. Можна не сумнявацца: такі сімвал вельмі хутка заваяваў бы сімпатыі як турыстаў, так і мясцовых жыхароў. Першыя будуць лічыць вандроўку на Браслаўшчыну няпоўнай без фота з ім, а другія хутка натруць яму нос да ззяння ў пагоні за добрай прыкметай.
Многія старыя вуліцы Браслава выбрукаваны сапраўдным каменем. Жыхары Прагі ці Вены ганарыліся б такім пакрыццём, а мы хаваем яго пад самі ведаеце які асфальт. Кавалак такой дарогі застаўся ўздоўж пагоркаў ад аўтадрома ў бок Леснічоўкі, але ён завалены смеццем. Між тым з яго можна зрабіць ціхую і ўтульную пешаходную вуліцу з усімі атрыбутамі накшталт лавачак, фанарыкаў, сувенірных крамаў і гэтак далей. Вядома, гэта запатрабуе пэўных фінансавых укладанняў, але, здаецца, будзе куды дзешавей, чым будаўніцтва, скажам, аквапарка. Ды і інвестараў чакаць не трэба – мэтанакіраваны суботнік для неабыякавых браслаўчан зрушыць справу з месца.
Недарагіх у ажыццяўленні ідэй для аздаблення Браслава на самай справе досыць многа, трэба толькі пашукаць. Незвычайныя малыя архітэктурныя формы (не бетонныя яблыкі і грушы), паўсюднае азеляненне, таблічкі з назвамі вуліц на беларускай мове і ў сярэднявечным стылі, пешаходныя пераходы, стылізаваныя пад клавішы раяля і іншыя прыгожыя дробязі зробяць наш край яшчэ больш прыгожым і сапраўды непаўторным. Тады і турыст пяройдзе з маршрута “гатэль – пляж – гара Маяк – магазін – гатэль” на прыемныя прагулкі па вячэрнім Браславе, набудзе яшчэ адзін сувенір, яшчэ адно марожанае ці яшчэ што. Адным словам, і сам лепей адпачне, і мясцовым жыхарам прынясе пэўную карысць.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *