З лічбамі – на ты

Актуальное

Адной з важнейшых прафесій у нашы дні лічыцца прафесія бухгалтара. Кожнае сучаснае прадпрыемства ці арганізацыя не ўяўляюць свайго функцыяніравання без спецыяліста абазначанай сферы дзейнасці. У розных галінах эканомікі бухгалтарскі ўлік мае свае асаблівасці, з якімі штодзень даводзіцца сутыкацца.
– Работа вельмі адказная, спецыфічная. Раз за разам даводзіцца паглыбляцца ў тонкасці прафесіі, вучыцца новым павевам сучаснага камп’ютарызаванага часу. – адзначае галоўны бухгалтар “ВТЦ г.Браслаў” Ірэна Міхневіч.
Больш за чатырнаццаць гадоў Ірэна Альбінаўна працуе на прадпрыемстве. Неаднаразовая рэарганізацыя вытворча-тэхналагічнага цэха ў першую чаргу закранала і эканамічную сферу, прыўносячы пэўную спецыфіку ў работу бухгалтара. Аднак вопытны спецыяліст заўсёды знаходзіла выйсце з любой, нават самай складанай сітуацыі.
– Гэта мая правая рука, – гаворыць выконваючы абавязкі дырэктара Жанна Антоненка пра Ірэну Альбінаўну. – Граматны спецыяліст, на яе заўсёды можна спадзявацца. З фінансавага боку я, як кіраўнік, адчуваю сябе абароненай.
У тым, што жанчына з часам дасягнула поспехаў на працоўнай ніве, – па выніках года Ірэна Міхневіч прызнана лепшым работнікам бухгалтарскай і эканамічнай службы – вялікую заслугу мая суразмоўца бачыць у зладжанай рабоце ўсяго калектыву. Спецыяліст падкрэслівае важкі ўклад у агульную справу сваіх падначаленых, якім перадае свой вопыт.
Адыходзячы ад працоўных думак, Ірэна Альбінаўна не забывае паклапаціцца пра сваіх родных і блізкіх людзей, якія, у сваю чаргу, заўсёды з паразуменнем адносяцца да яе работы. Свой вольны час любячая маці і жонка прысвячае вырошчванню агародніны і садавіны, кветак, час ад часу вяжа.
Справядлівая ў адносінах да людзей, спагадлівая і добразычлівая жанчына ідзе па жыцці з усмешкай наперакор усім перашкодам.

Таццяна Прашкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *