IMG_2070

Выбіралі “Міс Браслава”

Общество

Конкурсы прыгажосці праходзяць цяпер не толькі ў Расіі, Украіне, Казахстане. Яны папулярныя і ў нашай краіне. Але адносіны да такіх шоу вельмі неадназначныя. Нядаўна ўсе пазналі пра тое, як “Місіс Расіі” адмовілася ад кароны. Шмат непрыемных слоў у свой адрас давялося пачуць расійскаму журналісту Сяргею Собалеву, які напярэдадні конкурсу зняў фільм пра яго ўдзельніц. І паверце, вельмі здзівіла, што місіс Расіі не ведае, хто напісаў паланез Агінскага, хто такія Агнія Барто і Самуіл Маршак і ці Зямля круціцца вакол Сонца ці Сонца вакол Зямлі. Дык якіх каралеў прыгажосці мы выбіраем?! І па якіх крытэрыях журы лічыць, дастойны гэты чалавек такога высокага тытулу ці не.
Прабачце за такі вялікі ўступ да нашага раённага конкурсу “Міс Браслава – 2013”. Але падобныя сітуацыі, аказваецца, узнікаюць не толькі на высокіх узроўнях, але і ў рэгіёнах.
У раённым конкурсе прыгажосці пажадалі ўдзельнічаць шэсць маладых абаяльных браслаўчанак. Кожная з іх напачатку прадставіла сябе ў відэакліпе, і, на жаль, лічу, на гэтым фантазіі арганізатараў конкурсу і скончыліся.
Спачуваю журы, якому давялося выбіраць з шасці прэтэндэнтак адну на званне “Міс”. Дзяўчатам у гэтым шоу не далі магчымасці паказаць свае таленты, здольнасці.
Так, былі шыкоўныя дэфіле ў вясельных уборах, купальніках, сукенках, зробленых уласнымі рукамі з падручнага матэрыялу. Дзяўчаты сапраўды былі як на падбор, увасабленне маладосці і грацыі. Ад іх немагчыма было адвесці погляд.
Аднак, акрамя свайго шарму, што яшчэ маглі прапанаваць гледачам, якіх, дарэчы, сабралася поўная зала, удзельніцы конкурсу? Адна, магчыма, добра спявае, другая – выдатна танцуе, трэцяя – цудоўна вышывае і г д. Арганізатары, на жаль, пра гэта ці не падумалі ці проста даверыліся свайму густу і паступілі па-свойму.
І зноў мне хочацца звярнуцца да браслаўскіх прыгажунь — Марыны Карач, Настассі Бычковай, Інэсы Касцюкевіч, Ганны Нарэль, Іны Шакель, Юлі Крыўко.
Яны, вядома ж, стараліся паказаць сябе з лепшага боку, бо, акрамя абаяльнасці, маюць шмат талентаў і маглі здзівіць гледачоў сваімі здольнасцямі. Але зноў жа было ўражанне, што ім не далі такой магчымасці.
Асобна хочацца сказаць пра нумары мастацкай самадзейнасці, якія разбаўлялі гэта шоу. Выступленне інструментальнай групы ў складзе А. Янушкевіча, Р. Лабуця, С. Садоўскага гледачы ўспрымалі гучнымі апладысментамі. Спадабаліся таксама песні ў выкананні наваполацкай госці Святланы Трапук.
Неардынарным паказам “Цётка Моця” пажадалі здзівіць усіх, хто прыйшоў на шоу, удзельнікі групы “Покер”. Але ж іх так званы стрыптыз з не зусім прыстойным гумарам не ўсім прыйшоўся даспадобы. Ад паказу нумароў занадта веяла безгустоўнай грубасцю.
І ўсё ж “Міс Браслава” вызначылі. Ёю стала Іна Шакель. Кожная з астатніх дзяўчат-удзельніц шоу таксама была адзначана ў пэўнай намінацыі. Тытул віцэ-міс дастаўся Інэсе Касцюкевіч, другой віцэ-міс – Марыне Карач. Прызы і кветкі ім уручыў старшыня райвыканкама, ён жа ўзначальваў і журы, Сяргей Шматаў.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.