IMG_2767

Спаборнічалі прамыслоўцы

Власть и общество

Шумна і мнагалюдна было ў спартшколе ў мінулую суботу. Аддзел спорту і турызму райвыканкама ладзіў на базе ДЮСШ спартыўнае свята для калектываў фізічнай культуры прамысловай сферы Браслаўшчыны. На традыцыйнае штогадовае мерапрыемства з’ехаліся самыя спартыўныя прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна – усяго больш за 120 чалавек. Сябе паказаць і на іншых паглядзець вырашылі калектывы ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”», ВТЦ г. Браслаў, ДП “Браслаў-камунальнік”, РВУ “Браслаўрайгаз”, ДЭУ-34, ПМК-42, ДРБУ-142 і ТБЗ “Браслаўскі”. Армія ж балельшчыкаў, у радах якой былі заўважаны кіраўнікі прадпрыемстваў і іх намеснікі, была не менш прадстаўнічай.
Напачатку мерапрыемства прысутных вітаў начальнік аддзела спорту Яўген Лабуць. Ён адзначыў важнасць здаровага ладу жыцця, падзякаваў удзельнікам за актыўнасць і пажадаў ім поспехаў і дасягненняў на спартыўнай ніве. Арганізатары ж, у сваю чаргу, прапанавалі ім шэраг іспытаў, патрабуючых немалых намаганняў, адным словам, зрабілі ўсё, каб тыя не сумавалі. Прычым удзельнікі спаборніцтваў мелі магчымасць праявіць сябе як у камандным першынстве, так і ў асабістым.
У выніку ж больш чым за 6 гадзін напружанай барацьбы сталі вядомыя пераможцы. Самымі моцнымі аказаліся мужчыны з нацыянальнага парка – 1-е месца ў камандным заліку па гіравым спорце, у настольным тэнісе не было роўных камандзе торфабрыкетнага завода, бясспрэчнымі жа пераможцамі ў дартсе, валейболе, перацягванні каната і мнагаборстве сталі спартсмены з ДЭУ-34. Няцяжка здагадацца, што апошняя каманда і заваявала перамогу ва ўсёй спартакіядзе, паўтарыўшы такім чынам леташняе дасягненне. Другой стала каманда нацыянальнага парка, а трэцяе месца падзялілі між сабой камунальнікі і прадстаўнікі ТБЗ.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.