Падвялі вынікі навуковай дзейнасці

Власть и общество

Традыцыйна ў красавіку навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна прэзентуюць вынікі сваёй даследчай дзейнасці. Вось і ў мінулую суботу прайшла XII навукова-практычная канферэнцыя па грамадска-гуманітарных, прыродазнаўча-матэматычных дысцыплінах і псіхалогіі. У ёй прынялі ўдзел 46 педагогаў і 76 навучэнцаў школ. У дзевяці секцыях на суд журы былі прадстаўлены 47 работ, што на 3 больш, чым летась.
Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела адукацыі Антаніна Абалевіч адзначыла той факт, што з кожным годам канферэнцыя не толькі пашыраецца, але і маладзее: сёлета сярод удзельнікаў было 16 вучняў 4-х класаў, што складае больш за 21%. А. Абалевіч таксама выказала словы ўдзячнасці Уладзіміру Палякову, дырэктару навукова-даследчай установы “Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў” Аляксандру Панцялейку, псіхолагу ЦСАН Вользе Леўшы і галоўнаму спецыялісту РІПРіАНА Віктару Куелю за актыўны ўдзел у рабоце канферэнцыі ў якасці старшынь і членаў журы.
Але самымі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства былі, безумоўна, школьнікі. Больш за 2 гадзіны ў кабінетах першай школы не змаўкалі размовы выключна на навуковыя тэмы. Паўсюдна ішлі дыскусіі. І абмяркоўваць, трэба сказаць, было што. Сярод тэм, абраных навучэнцамі і іх кіраўнікамі для распрацоўкі, былі вельмі актуальныя і цікавыя. Вось толькі малая частка з іх: “Рэклама па-беларуску: экзотыка ці рэальнасць?”, “Роля містычных серыялаў у жыцці сучаснай моладзі”, “Твой экалагічны след”, “Біялагічныя кілаваты” і многія іншыя.
У выніку журы адабрала лепшыя работы. Іх пералік зойме вельмі многа месца, але варта крыху абагульніць і сказаць пра ўстановы, навучэнцы якіх дабіліся найлепшых рэзультатаў. Так, 10 дыпломаў розных ступеней заваявала гімназія, па 3 – Ахрэмаўская, Опсаўская і першая гарадская школы, па 2 – Мількаўская, Быстрамаўская і Кансталінская школы. Дарэчы, дзве апошнія дасягнулі найбольшых поспехаў сярод базавых школ. А вось навучэнцы сярэдняй школы №2, Відзаўскай, Друйскай, Слабодкаўскай, Плюскай, Урбанскай, Богінскай і Чэрнеўскай школ прынеслі сабе і сваім установам па адным дыпломе.
Такім чынам, XII навукова-практычная канферэнцыя ў чарговы раз паказала, што ў раёне ёсць моладзь, якая цікавіцца навукай, і ёсць выдатныя педагогі, якія дапамагаюць школьнікам развівацца і працаваць у абраным накірунку. І хто ведае, мо праз пэўную колькасць год мы ўсе будзем карыстацца тэхналогіяй, адкрытай звычайным васьмікласнікам адной са звычайных школ.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *