Пад крылом дзяржавы

Актуальное

Аддзяленне кругласутачнага знаходжання для асоб састарэлага ўзросту і інвалідаў на базе былой Барунскай школы ў нашым раёне адкрылася ў кастрычніку 2010 года. Разлічана яно на 40 месц. Праўда, у асноўным тут жывуць не больш за 35 чалавек, тым больш у залежнасці ад пары года. Школьныя класы пераабсталяваны пад пакоі для пражывання насельнікаў, укамплектаваны неабходнай мэбляй. Усюды чыста і ўтульна. Ёсць добраўпарадкаваная сталовая, хол, пакой для адпачынку. Шмат кветак, карцін на сценах. Словам, для многіх з тых людзей, якія тут жывуць па паўгода і болей, гэты прытулак стаў сапраўдным другім домам. Яны нават прызнаваліся, што толькі марыць маглі дажываць свой век у такіх камфортных умовах. У мінулым годзе ў Барунах пабудавалі лазню.
Цяпер жыхары гэтага дома з нецярпеннем чакаюць вясну, калі змогуць пасадзіць у цяпліцы расаду агуркоў, памідораў, упрыгожыць тэрыторыю кветкамі, расаду якіх таксама вырошчваюць самі.
Дырэктар установы Уладзімір Мажалоўскі для насельнікаў – другі бацька. Ён добра ведае характар кожнага з іх, схільнасці, нярэдка здагадваецца пра жаданні. Пажылыя мужчыны і жанчыны па-добраму называюць яго сваім псіхатэрапеўтам. І нездарма. У кожнага з тых, хто знаходзіцца ў Барунах, нялёгкі лёс. Нядаўна я змагла ўпэўніцца ў тым, што трапляюць сюды не ад добрага жыцця.
У адным з прасторных пакояў жывуць тры мужчыны. Там чыста, утульна і прасторна. Ёсць тэлевізар. Па ўсім было бачна, што мужчыны любяць чытаць, бо ў пакоі нямала кніг. Адзін з іх ахвотна расказаў мне пра сябе. Родам ён са Слабодкі. Афіцыйна ў другім шлюбе. Ад першага мае двух сыноў, а з другой жонкай агульных дзяцей няма. Але разам пражыта больш за 30 гадоў. І сёння жанчына жыве адна, як каралева, у райцэнтры ў добраўпарадкаванай кватэры, лішнюю плошчу здае кватарантам, а мужу нічога не застаецца, як праводзіць па паўгода ў Барунах, бо разам жыць гэтым двум ужо немаладым людзям стала проста немагчыма.
Праўда, Казімір, назаву яго так, поўны сіл і энергіі, не збіраецца скарацца такім сямейным непаразуменням. Ён добра іграе на гармоніку і часта радуе мелодыямі сваіх новых сяброў.
Давялося мне пагутарыць і з Надзеяй, якая таксама ў Барунах ужо стала сваёй. Яна жыве ў Беларусі адна, яе 4 сястры і брат у Літве. Мужа няма, сын трагічна загінуў. Мужчына, з якім спрабавала стварыць сям’ю ў Беларусі, пачаў моцна піць і падымаць на жанчыну руку. Хто ж такія здзекі вытрымае? Ад адзіноты выратавала аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Барунах. Тут яна знайшла сабе сябровак, стараецца знайсці прымяненне свайму ўменню завіхацца на агародзе, даглядаць за кветкамі. Ёй вельмі падабаюцца адносіны ў Барунах паміж людзьмі, яны паважлівыя як з боку персаналу, так і паміж самімі насельнікамі.
У кожнага чалавека тут свой нялёгкі лёс. У пакоі для адпачынку сустрэла маладую жанчыну 36-ці гадоў, якая прасіла Бога забраць яе да сябе. З дзяцінства яна нічога не бачыць. Пасля смерці маці, якая любіла і даглядала дачку, жыццё змянілася да непазнавальнасці. Яна стала абузай для бацькі, непатрэбнай стала праз пэўны час і сястры. І вось ужо два гады дом у Барунах для жанчыны больш, чым родны дом, дзе яе ніхто не чакае і не любіць.
Расказы пра нялёгкі лёс людзей, якія сёння знаходзяцца ў Барунах, можна было пачуць ад кожнага з насельнікаў. Вядома ж, усе яны хацелі б, каб былі ахутаны клопатамі і ўвагай з боку родных і блізкіх людзей. Але такую ролю сёння выконваюць людзі, якія закліканы праяўляць дабрыню і спагаду па сваіх службовых абавязках. І паверце, цяжка зразумець, хто зробіць гэта лепш. Іншы раз чужы чалавек бывае больш блізкім, чым родны.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *