Лепшая сям’я – шматдзетная

Власть и общество

Неяк давялося пачуць прыгожае выказванне: “Калi краiна — вялiкая сям’я, то сям’я … маленькая краiна!”. Не згадзіцца з гэтым нельга, бо сапраўды кожная сям’я – гэта асобная невялічкая дзяржава са сваімі традыцыямі і правіламі. Вось і на аглядзе-конкурсе “Лепшая шматдзетная сям’я Браслаўскага раёна”, які прайшоў на мінулым тыдні, пяць маленькіх краін прадэманстравалі ўсё, на што яны здольныя.
Конкурс у нашым раёне сёлета праводзіўся ўпершыню, але стартаваў выдатна, таму хочацца спадзявацца, што хутка ён стане не толькі традыцыйным, але і самым любімым сярод браслаўчан. На гэты ж раз на сцэну СШ №2, дзе і праходзіла галоўнае дзеянне, не пабаяліся выйсці пяць цудоўных і вясёлых сем’яў. Бацькі Юркевічы з Браслава расцяць двух цудоўных сыноў і дачушку, у сям’і Дзерукоў з Пагошчы радуюцца траім дзеткам, а ў Пучынскіх з Браслава шчасце пяцікратнае, у іх сям’і чацвёра сыноў і дачушка, у таты і мамы Кужэляў з Відзаў таксама чацвёра дзяцей, а ў Молакавых з Ахрэмаўцаў тры прыгажуні дачкі.
Яшчэ да пачатку конкурсу ў актавай зале размясцілі выставы, падрыхтаваныя кожнай сям’ёй. Падзівіцца сапраўды было чаму. Тут можна было ўбачыць пахучыя, апетытныя стравы, зробленыя залатымі рукамі гаспадынь, розныя захапленні галоўных у сям’і – татаў, вырабы з бісеру, малюнкі, вязаныя рэчы і вышыванкі дзетак, якія яны рабілі разам усёй сям’ёй.
Гледзячы на кожную сям’ю, выбраць самую лепшую было амаль немагчыма. Яны ўсе такія непаўторныя і ў той жа час такія аднолькавыя, бо жывуць весела і дружна. Перад кампетэнтным журы, якое ўзначаліла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская, стаяла складаная задача.
Традыцыйна конкурс пачаўся з візіткі “Добры дзень, гэта мы”. Фантазіі ўдзельнікаў тут не было межаў. Кожная сям’я здзіўляла па-свойму – вершамі, песнямі, тэатральнымі замалёўкамі і нават казкамі. Так, сям’я Кужэль лавіла залатую рыбку, якая выконвала іх пажаданні, сям’я Дзярук гатавала салат “Мая сям’я” з захапленняў усіх членаў сям’і, а Юркевічы паказалі гледачам пчаліную гісторыю. А яднала ўсіх адно – разуменне таго, што яны адзіная сям’я, адчуванне падтрымкі сваіх родных.
Не менш цікавымі былі і наступныя два конкурсы “Нашы ручкі залатыя” і “Смачна, пальчыкі абліжаш”, дзе матулі расказалі пра сваю самую смачную “фірменную” страву і прадэманстравалі ўсе захапленні іх вялікіх сем’яў, ад вышыванак да разьбы па дрэву. Падчас апошняга ж конкурсу з сімвалічнай назвай “Мы сям’я” ўсе гледачы з задавальненнем змаглі зазірнуць у сямейны альбом. Фота- і відэапрэзентацыі паказалі самыя шчаслівыя моманты жыцця сем’яў: сумесныя адпачынкі, клопаты па доме, заняткі спортам і вечары за кубачкам гарбаты.
Вызначыцца з пераможцам было складана, для саміх жа ўдзельнікаў гэта было не галоўным. Самае каштоўнае для іх тое, што яны разам, здаровыя, шчаслівыя і падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта і ёсць іх галоўная перамога.
Як зазначыла Ніна Антонаўна, “у раёне зараз жывуць 240 шматдзетных сем’яў, і адны з лепшых мы сёння ўбачылі на гэтай сцэне. Моцная сям’я – моцная дзяржава. І менавіта такія моцныя сем’і нас сёння парадавалі”.
Але конкурс ёсць конкурс, і без пераможцы тут нельга. У выніку трэцяе месца заняла сям’я Дзярук, другімі сталі Пучынскія, а перамога ў гэты дзень была на баку сям’і Марыі і Валерыя Юркевічаў, у якіх трое цудоўных дзяцей – Антон, Злата і Эдвард. Яны і сталі лепшай шматдзетнай сям’ёй Браслаўскага раёна. Увогуле ж усе сем’і атрымалі дыпломы і ўзнагароды, а адзін са спонсараў конкурсу, сетка магазінаў “Еўраопт”, падарыў усім удзельнікам сертыфікаты на атрыманне дысконтнай карты і наборы прадуктаў.
Першых і апошніх менавіта ў гэтым конкурсе няма, таму што не лепшую шматдзетную сям’ю выбралі ў гэты дзень, а яшчэ раз падкрэслілі, што лепшая сям’я – шматдзетная.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *