Інтэлектуальныя баталіі

Актуальное

Адкрыты міжраённы турнір па інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг” сярод працуючай моладзі прайшоў у мінулую пятніцу ў Паставах. Акрамя гаспадароў мерапрыемства, удзел у ім прынялі каманды з Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Браслаўшчыну на інтэлектуальных спаборніцтвах прадстаўлялі 2 каманды па 6 чалавек: моладзь з гарадскіх працоўных калектываў і прадстаўнікі маладога пакалення, якія працуюць у сельгаспрадпрыемствах.
Больш за тры гадзіны маладыя інтэлектуалы змагаліся за права даць правільны адказ, першымі націснуўшы на кнопку. І ў выніку напружаных мазгавых атак сталі вядомы пераможцы. На жаль, сярод гарадскіх каманд браслаўчане не здолелі трапіць на п’едэстал. У гэтай намінацыі перамогу святкавалі нашы суседзі з Міёр, другімі сталі гаспадары мерапрыемства а трэцімі – глыбачане. А вось сярод сельскай працуючай моладзі наша каманда ў складзе супрацоўнікаў СВК “Маяк Браслаўскі” Веранікі Папковай, Віктара Гавейкі, Ганны Пяткевіч, Эдуарда Балочкі, Леаніда Маркушонка і Веранікі Церашковай занялі другое месца, крыху саступіўшы інтэлектуалам з Пастаў. Замкнула ж тройку пераможцаў каманда з Шаркаўшчынскага раёна. Пераможцы атрымалі памятныя падарункі і граматы. Завяршыўся турнір агляднай экскурсіяй па Паставах.
Як прызнаюцца юнакі і дзяўчаты – удзельнікі турніру, мерапрыемства ім вельмі спадабалася і яны з задавальненнем паўдзельнічаюць у наступным, якое пройдзе ў 2014 годзе ў Глыбокім.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *