IMG_2742 (Small)

Дапамагае эканоміць вецер

Актуальное

Год беражлівасці крочыць па краіне. Паўсюдна, як па ўказцы, складаюць планы эканоміі, мяняюць лямпачкі і пішуць справаздачы. Але сапраўдны эфект ад усіх прынятых мер і праведзеных мерапрыемстваў будзе толькі тады, калі кожны асабіста асэнсуе неабходнасць зберажэння рэсурсаў і зразумее: кожная кропля вады і кілават электраэнергіі будуць у канчатковым выніку аплачаны з нашай жа кішэні. Не кажучы ўжо пра захаванне прыроды. І вельмі радуе, што сярод нас ёсць людзі, якія бачаць корань праблемы і імкнуцца вырашыць яе па-свойму, ідучы, не пабаюся гэтага слова, унікальным шляхам. Адзін з такіх – Фердынанд Шлапак.
Многія, мабыць, звярталі ўвагу, што пры ўездзе ў Браслаў з полацкага накірунку прама з дарогі бачна ветраэнергетычная ўстаноўка, якая ўзвышаецца над масівам прыватнай забудовы. Яе ўсталяваў на сваім участку руплівы браслаўчанін. Будучы тэхнікам-механікам па адукацыі, Фердынанд яшчэ і эксперыментатар у душы. Таму авантурная ідэя асвоіць энергію ветру хутка знайшла выхад у выглядзе рэалізацыі гэтага смелага праекта. Ветрагенератар Ф. Шлапак заказаў у адной са сталічных фірм, спецыялістамі якой ён і быў ўсталяваны. Абслугоўванне ж і невялікія рамонтныя работы гаспадар ажыццяўляе самастойна. Дарэчы, агрэгат вышынёй 15 метраў мае 3 лопасці па 2,5 м кожная. Агульны ж дыяметр ветрака 5м, магутнасць 3 кілаваты. Першы ток вецер выпрацаваў летам мінулага года.
Трэба сказаць, што жаданне паспрабаваць выкарыстаць невычэрпную крыніцу энергіі і зэканоміць было не адзінай прычынай набыцця ўстаноўкі. Фердынанд Міхайлавіч прызнаецца, што хацеў асабіста выпрабаваць тэхналогію і пазней наладзіць адпаведны бізнес. Але аказалася, што тэхніка надта дарагая – попыту няма. Не пайшла справа. Аднак засталася эканомія. Каб забяспечыць электраэнергіяй увесь дом, магутнасці ветрагенератара недастаткова, да таго ж патрабуецца дадатковае абсталяванне. Таму пакуль прырода працуе выключна на сілкаванне бойлера: гарачая вада ў хаце бясплатная. Калі ж надвор’е “жартуе” і дзьме моцны вецер, лішняе цяпло ідзе на абагрэў пакояў, эканомячы традыцыйнае паліва. З такім падыходам штомесяц удаецца зэканоміць каля 100 кВт/г электраэнергіі. Няшмат, асабліва з улікам кошту самога агрэгата. Але ідэя, згадзіцеся, заслугоўвае ўвагі і пахвалы.
Такім чынам, берагчы і эканоміць можна, а самае галоўнае – патрэбна. І позірк на пытанне крыху з іншага боку можа адкрыць новыя перспектывы, падштурхнуць на эксперыменты і даць неблагі вынік. Што і пацвярджае вопыт прадпрымальнага браслаўчаніна.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.