Састаўляючыя здароўя нацыі

Главное

Адно з асноўных пытанняў, вынесеных на парадак дня апошняга пасяджэння райвыканкама, тычылася стану і перспектыў развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму ў раёне.
Як вынікала з аналізу стану спраў у гэтай галіне, зробленым намеснікам страшыні райвыканкама Інай Лысенка, браслаўчане дастаткова актыўна займаюцца фізкультурай і спортам і для гэтага ў іх ёсць магчымасці. У 19-і групах лёгкай атлетыкі і баскетбола пры ДЮСШ займаюцца 214 чалавек, 270 — у 70і дзіцячых і 11-і дарослых пры ФСК “Дрывяціч, 64% школьнікаў наведваць спартыўныя гурткі ў школах, а ў спартыўна-масавых і аздараўленчых мерапрыемствах задзейнічана 95% вучняў. У арганізацыях і на прадпрыемствах раёна функцыяніруюць 48 калектываў фізічнай культуры. Найбольш актыўня яны ў камунальнікаў, ЦРБ, нацпарку, аддзеле адукацыі, на торфабрыкетным заводзе, дзе існуе сістэма матэрыяльнага заахвочвання работнікаў, удзельнічаючых у спаборніцтвах. Увогуле ж так ці інакш у заняткі фізкультурай у раёне уцягнуты звыш 5 тыс. чалавек.
Іна Лысенка агучыла шмат фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, якія з’яўляюцца папулярнымі і масавымі, спынілася і на аспектах развіцця галіны фізічнай культуры ў межах міжнароднага супрацоўніцтва з краінамі блізкага замежжа.
Не абмінула ўвагай і захады, якія прымаюцца арганізацыямі, што аказваюць турыстычныя паслугі, аддзелам спорту і турызму, гаспадарамі аграсядзіб для папулярызацыі і прасоўвання турыстычных магчымасцей раёна.
Ці значыць гэта, што ў спартыўна-турыстычнай галіне няма праблем? Безумоўна, не, іх хапае. Напрыклад, як сур’ёзную недапрацоўку ацэньвае старшыня райвыканкама Сяркей Шматаў маруднасць прасоўвання праектаў па будаўніцтве санаторыя ў Відзы-Лаўчынскіх і ўладкаванні гарадскога пляжа. Сёння турыста складана завабіць толькі чыстым паветрам, празрыстай вадой і прыгажосцю краю. На адпачынку ён хоча забаўляцца, для чаго патрэбна адпаведная інфраструктура. А ініцыятывы не хапае нават там, дзе і сродкаў не трэба. “Напрыклад, хто дзе бачыў наш турыстычны брэнд? Нідзе не прасоўваем і не прапагандуем”, — кажа Сяргей Шматаў. Таксама ён лічыць недапушчальным, каб на стадыёне з’явіліся раздзявальні без душавых. “Як сабе хочаце, — звярнуўся ён да падначаленых, — душавыя павінны быць! Калі пабудуем пустышку, будзе стыдна.”
Начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Міхаіл Партны, які ўдзельнічаў у пасяджэнні райвыканкама, таксама заўважыў, што ў аб’ёме экспартных паслуг вобласці доля Браслаўшчыны, вядомай як турыстычны край далёка за межамі Беларусі, склала ў 1-ым квартале ўсяго 2,5%, у той чаг як Лепельшчыны — 19%. Выказаў ён свае заўвагі таксама наконт не вельмі актыўнага ўдзелу раёна ў абласных спаборніцтвах, адсутнасці рэгістрацыі калектываў фізкультуры, і груп для заняткаў з інвалідамі нізкага працэнта ахопу школьнікаў у групах ДЮСШ і шэраг іншых.
Падводзячы вынікі зацікаўленай і прынцыповай размовы, старшыня райвыканкама падкрэсліў, што фізкультура і спорт з’яўляюцца састаўляючымі здароўя нацыі, а турызм для Браслаўшчыны — гэта перспектыва яе развіцця, і наша задача — задаволіць патрэбы турыстаў, у тым ліку і замежных. Таму працаваць ёсць над чым.

Казімір Пятушка.