Пасяўная стартавала

Главное

Урэшце вясна дала магчымасць хлебаробам раёна вывесці на палеткі пасяўныя агрэгаты. У сераду, 24 красавіка, сяўбу яравых культур пачалі ў сямі гаспадарках. Менавіта з гэтага дня і пачнецца адлік сёлетняга веснавога прыпару ў гонцы з капрызамі прыроды за будучы ўраджай. І будзе ён напружаным, бо спрыяльнага для сяўбы часу застаецца вельмі мала.
У першы дзень апрабоўвалі ў рабоце агрэгаты механізатары “Альшанкі”, “Слабодкі-агра”, “Маяка Браслаўскага”, “Агравідзаў”, “Бярозавага краю”, “Друйскага” і аграсэрвісу. Усе разам засеялі 53 гектары глебы. У структуры пасеваў ячмень, авёс, трыцікале і лубін.
Калі пасля апоўдня я прыехаў у ААТ “Бярозавы край”, там поўным ходам вялася падрыхтоўка да першага выезду ў поле. Вадзіцель ЗіЛа Дзмітрый Лукша які на час пасяўной памяняў форму выратавальніка МНС на камбінезон, запраўляў зернем бункер АПП-6. У гэты час галоўны аграном гаспадаркі Віктар Крывель разам з механізатарам Дзмітрыем Гадзевічам займаліся рэгуліроўкай нормы высеву насення. Пазней кіраўнік акцыянернага таварыства Уладзімір Васюковіч ахарактэрызаваў механізатара так: “Хлопец малады і здатны. Сёлетняя пасяўная чацвёртая ў яго біяграфіі. І кожны год ён на сяўбе — бясспрэчны лідар. Упэўнены, так будзе і гэтай вясной.”
Да дня “засевак” механізатар Сяргей Магрын паспеў падрыхтаваць 15 гектараў глебы. З іх за першых паўдня Дз. Гадзевіч засеяў аўсом 7 га. Як толькі глеба падсохне, у сяўбу ўключыцца яшчэ адзін агрэгат з шасцімятровым захопам, а па дробнаконтурных палетках пойдзе “Лемкен”.
Без перабольшвання можна сказаць, што хлебаробы “Бярозавага краю” з нецярпеннем чакаюць пары, калі можна будзе павесці работы ўсімі наяўнымі сіламі і сродкамі. Веснавая сяўба — гэта яшчэ і час добрых заробкаў. Тым больш, што і разгарнуцца ёсць дзе. Усяго пад яравы клін у гаспадарцы адведзена 1978 гектараў. Іх засеяць збожжавымі і зернебабовымі, рапсам, кукурузай, грэчкай. Акрамя гэтага, з восені засталося неўзаранай 840 га глебы, якія трэба паспець узараць у самыя бліжэйшыя дні, каб ворыва паспела пад культывацыю. І тут можа здарыцца замінка, бо не хапае тэхнікі і культыватараў. Таму кіраўнік цяпер шукае варыянты выхаду са склаўшагася становішча.
Сезон жа веснавых палявых работ у “Бярозавым краі” першым адкрываў Раман Швед, якому даручаны падкормачны агрэгат “Дзвіна”. Спачатку ён сілкаваў каліем шматгадовыя травы, цяпер уносіць мінеральныя тукі па пасевах азімага рапсу і адразу ж пераключыцца на азімыя зерневыя. На гэтым тыдні з’явілася і магчамасць заняцца падкормкай траў і пашы прычапнымі агрэгатамі тыпу РДУ. Усім наборам тэхнікі ў гаспадары на раніцу 24 красавіка падсілкавана 57 га збожжавых, 140 — рапсу, і 308 сенакосаў і пашы. Паралельна ўносяцца фосфар і калій пад пасевы збожжавых.
Такім чынам, сельгаставарыства зладжана ўключаецца ў складаны, адказны і напружаны пасяўны сезон.

Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.