Спатрэбілася зброя

Человек и закон

У апошні час усё часцей на слыху выпадкі незаконнага перасячэння мяжы жыхарамі каўказскага рэгіёну. З пачатку года полацкімі пагранічнікамі затрымана 38 чалавек. Вось і ноччу 13 красавіка полацкія пагранічнікі спынілі чарговыя спробы, якія арганізавалі дзве групы нелегалаў. Аднак у адным з выпадкаў для гэтага прыйшлося прымяніць зброю.
Недалёка ад мяжы ў Браслаўскім раёне пагранічнікі заўважылі трох невядомых. На каманду ад старшага нарада прад’явіць дакументы мужчыны схапіліся за нож, палкі і, заняўшы “кругавую абарону”, пачалі пагражаць пагранічнікам. Адзінае, што заставалася вартавым мяжы, – абараняцца. Нарад папярэдзіў пра магчымасць прымянення зброі, аднак вуснае папярэджанне не спыніла гарачых хлопцаў. Іх пыл давялося ахалоджваць папераджальнымі стрэламі ўверх.
Толькі аўтаматная чарга і настойлівыя патрабаванні кінуць зброю і легчы на зямлю паказаліся парушальнікам мяжы больш пераканаўчымі.
Затрыманыя аказаліся маладымі грамадзянамі Расіі, жыхарамі Чэчэнскай Рэспублікі. Акрамя халоднай зброі, у мужчын, якія незаконна прабіраліся ў Латвію, з сабой былі і гасцінцы – дзве ёмістасці з зеленаватым рэчывам, насваем.
У тую ж ноч у Верхнядзвінскім раёне былі затрыманы яшчэ трое каўказцаў. Супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль, якім кіраваў наш суайчыннік. Вадзіцель прызнаўся, што на вакзале ў Полацку падабраў трох грамадзян каўказскай нацыянальнасці. Яны папрасілі падвезці іх да н.п. Росіца, што ён і зрабіў.
Праз гадзіну пагранічнікі заўважылі сляды да мяжы, а пазней затрымалі і саміх парушальнікаў. Яны спрабавалі трапіць у Еўропу, каб там працаўладкавацца і атрымаць статус бежанца.

Дзяніс Глебка,
памочнік начальніка Полацкага пагранатрада па рабоце са СМІ.