Занятак для душы

Главное

У госці да Алы Уладзіміраўны Пучынскай мяне прывяла цікаўнасць: маці пяці дзяцей, а яшчэ і майстрыха вышываць карціны. Вясёлы погляд, прыветлівая ўсмешка адразу кінуліся мне ў вочы, калі я сустрэлася з гэтай абаяльнай маладой жанчынай.
Па словах Алы, вышыўкай яна зацікавілася з дзяцінства. Назірала як вышывае маці, і сама навучылася. Потым быў даволі вялікі перапынак. І толькі калі была ў водпуску па доглядзе за другім сынам, з’явілася натхненне зноў узяцца за нітку з іголкай. Так да сённяшняга часу з імі не расстаецца.
Занятак гэты нялёгкі. Патрабуе акуратнасці, цярпення, уседлівасці. Спачатку вышывала простыя малюнкі, а потым вырашыла паспрабаваць нешта больш складанае — карціны. За кароткі час яна здолела асвоіць хітрасці майстэрства вышывання. Нават адварот у работах і той ідэальны.
Любуюся яе прыгожымі вышыванкамі і здзіўляюся: калі яна ўсё паспявае. Выхоўваць пяць дзяцей ды яшчэ знаходзіць час для любімага занятку — гэта не кожнаму па сіле. Маладая маці толькі смяецца. Па яе меркаванні, усё можна паспець, галоўнае — правільна размеркаваць жыццёвыя прыярытэты і мець мужа, які падтрымлівае і разумее цябе.
Чатыры хлопцы і адна дачка, як і маці, цягнуцца да мастацтва і рукадзелля. Найбольш разнастайных захапленняў і здольнасцей ў васьмігадовага Кірыла. Ён і вышываць любіць, і бісерапляценнем цікавіцца, і ў музычнай школе займаецца, закончыў ізастудыю, а зараз наведвае спартшколу. Пры гэтым дзеці не забываюць дапамагаць маці ў хатніх справах. Канечне, пятнаццацігадоваму Аляксандру, як самаму старэйшаму, дастаецца больш абавязкаў, тым не менш спрэчак, каму смецце вынесці, каму бульбу начысціць, а каму посуд памыць, не ўзнікае. Усе ў гэтай вялікай сям’і жывуць дружна і з павагай адносяцца да захапленняў сваіх родных, што пацвердзіў і агляд-конкурс «Лепшая шматдзетная сям’я», дзе Пучынскія занялі другое месца. А паўтара года таму назад Прэзідэнт Беларусі шматдзетную маці Алу Пучынскую ўзнагародіў ордэнам Маці.
— Працэс вышывання мяне заспакойвае, — расказвае Ала Ўладзіміраўна, — прыводзіць мае пачуцці і думкі ў парадак, ён зацягвае, зачароўвае. З вышыўкай у руках я адпачываю.
Слухаю гэту маладую шчаслівую маці і разумею: калі ў чалавека ёсць справа для душы, то ў сям’і, нават такой вялікай, заўсёды будуць панаваць парадак і гармонія. Галоўнае, каб такіх творчых людзей на свеце было больш!

Алена Пятушка.
Фота аўтара.